Святы Пасад агучыў тэму першага Дня дзядуль, бабуль і пажылых
Словы з Евангелля св. Мацвея – гэта выражэнне блізкасці Хрыста і Касцёла да кожнага пажылога чалавека, асабліва ў складаныя часы пандэміі, - гаворыцца ў заяве Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
"Я з вамі ва ўсе дні" – гэта таксама абяцанне блізкасці і надзеі, якімі маладыя і старыя могуць дзяліцца адно з адным. На самой справе не толькі ўнукі і моладзь павінны прысутнічаць у жыцці пажылых людзей, але і дзядулі і бабулі маюць евангелізацыйную місію – абвяшчаць, маліцца і прыводзіць моладзь да веры.
Для святкавання міжнароднага дня ў мясцовых Касцёлах Дыкастэрыя прапануе з сярэдзіны чэрвеня душпастырскія прылады, інфармацыя пра якія будзе змешчана на яе сайце.
Аб устанаўленні Сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей Францішак абвясціў 31 студзеня 2021 г. Ён будзе адзначацца ў 4-ю нядзелю ліпеня.
“Таксама і сёння Дух Святы абуджае ў пажылых людзях мудрыя думкі і словы: іх голас – каштоўны, бо ўзносіць гімн хвалы Богу і захоўвае карані народаў. Яны нагадваюць аб тым, што старасць – гэта дар, і што дзядулі і бабулі з’яўляюцца звяном паміж пакаленнямі, пакліканым перадаваць моладзі досвед жыцця і веры”, - сказаў тады Папа.
Святы Айцец заўважыў, што пажылыя людзі нярэдка застаюцца ў адзіноце, а грамадства забываецца пра каштоўнасць захавання каранёў і іх перадачы. Ён нагадаў пра важнасць сустрэчы паміж пакаленнямі, каб дзядулі і бабулі маглі дзяліцца сваімі марамі з унукамі, а ўнукі маглі іх рэалізоўваць.