Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: дыялог паміж пакаленнямі – вырашальны для будучыні

“Я з вамі кожны дзень”, – так гучыць дэвіз першага Сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей. Слоган, абраны Папам, указвае на важнасць дыялогу паміж пакаленнямі і на значэнне перадавання веры.

На думку Габрыэлы Гамбіна, падсакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, словы дэвіза выражаюць “педагогіку чуласці” ў адносінах да найслабейшых. Гэтая тэма набыла яшчэ большую актуальнасць падчас пандэміі, калі дзеля абароны найбольш схільных да заражэння былі абмежаваны непасрэдныя кантакты.

Гамбіна лічыць, што праз адносіны са старэйшым пакаленнем у моладзі фарміруецца “педагогіка слухання”: яны ўмацоўваюць карані сваёй сямейнай гісторыі, а таксама ўсведамляюць, што жыццё не заўсёды было такім як цяпер, і пачынаюць бачыць свет у больш шырокай перспектыве.

Тэма, абраная Святым Айцом, нясе ў сабе думку пра блізкасць Бога і Касцёла да старэйшага пакалення. Кожны з нас хацеў бы чуць словы “я з табою кожны дзень”. Пан прамаўляе іх нам у кожны складаны момант жыцця, асабліва ў старасці. Яны таксама атрымліваюць прыгожае гучанне ў кантэксце адносін паміж пакаленнямі. Гэта пасланне, якое дзядулі і бабулі могуць скіраваць да маладых людзей, калі браць пад увагу місію старэйшага пакалення – евангелізаваць і перадаваць веру. Францішак выразна падкрэслівае гэты аспект.

Адначасова гэта словы, якія моладзь можа скіраваць да сваіх дзядуль і бабуль: “Я побач з табою, я заўсёды з табою”. Таму гэтае пасланне з’яўляецца шляхам, які можа дапамагчы Касцёлу перамагчы падзелы паміж пакаленнямі, якія сёння разбіваюць дыялог паміж малодшымі і старэйшымі.

“Дзядулі і бабулі могуць адыграць вырашальную ролю ў веры сваіх унукаў і малодшых, і не толькі праз перадаванне веры і адносін з Богам, але таксама праз перадаванне памяці, каштоўнасцей і каранёў, якія дазваляюць маладым людзям зразумець, хто яны і адкуль паходзяць. На словы Аўгустына “Адкуль я прыходжу і куды іду?” наша моладзь павінна адказаць, гледзячы на сваіх дзядуляў і бабуляў, на старэйшых, - заўважае Габрыэла Гамбіна. - Перадаванне веры сёння мае асаблівае значэнне ў дыялогу паміж пакаленнямі, улічваючы тое, што ў секулярызаваным свеце, такім як наш, бацькі часта не ў стане ўвесці сваіх дзяцей у досвед веры”.

Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей будзе адзначацца ў чацвёртую нядзелю ліпеня.
 

23 красавіка 2021, 12:02