Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад рыхтуе форум на тэму святарства

Ключавой тэмай для Касцёла сёння з'яўляецца святарства. Менавіта таму Святы Пасад арганізуе 17-19 лютага 2022 г. тэалагічны сімпозіум па пакліканнях на тэму: “Да фундаментальнай тэалогіі святарства”.

Арганізатарам форуму выступіла Кангрэгацыя па справах біскупаў, якая збіраецца запрасіць на яго дыяцэзіяльных біскупаў з усяго свету.

Мэта сімпозіума – паглядзець на святарства як мага шырэй, не толькі з пункту гледжання саміх святароў, але тых змен, якія адбываюцца ў сучасным свеце і Касцёле. "Гаворка ідзе таксама пра выяўленне і больш глыбокае разуменне тэалагічных асноў святарства", - сказала ў інтэрв’ю Vatican News Мікэліна Тэначэ, выкладчыца тэалогіі ў Грыгарыянскім універсітэце.

Эксперт лічыць, што сустрэча прывядзе да дыскусіі пра агульнае святарства, пра хрост, пра тое, што ўсе вернікі пакліканы выказваць прысутнасць Бога на зямлі. “У гэтым кантэксце існуе шмат сучасных праблем, такіх як дэклерыкалізацыя духавенства. Гэта вялікі выклік, бо клерыкалізм нарадзіўся з няправільнага бачання святарства, дзе святар – гэта ізаляваны чалавек, вышэйшы за іншых”, - заўважыла італьянскі тэолаг.

Кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў, падкрэсліў, што сімпозіум арганізуецца "ў рамках вывучэння Касцёлам сінадальнасці", якая разумеецца як "актыўны ўдзел усіх вернікаў у місіі Касцёла". Гэта патрабуе "жыцця ў веры і цеснага супрацоўніцтва свецкіх, святароў і кансэкраваных асоб у абвяшчэнні Евангелля свету праз прывабнае сведчанне хрысціянскіх супольнасцей". Фактычна мэтай трохдзённай сустрэчы будзе паглыбленне разумення важнасці зносін паміж рознымі пакліканнямі ў Касцёле. У ёй змогуць прыняць удзел не толькі біскупы, але і ўсе, хто цікавіцца тэалогіяй.
 

13 красавіка 2021, 10:21