Святы Пасад: пасланне з нагоды Сусветнага дня цырка
Кардынал Пітэр Тарскан скіраваў пасланне з нагоды ІХ Сусветнага дня цырка, які адзначаецца 17 красавіка. Ён звярнуў увагу на цяжкасці, якія прадстаўнікі цыркавых калектываў перажываюць падчас пандэміі.
“Для падтрымкі гэтага віду мастацтва, які існуе ў Еўропе больш за 250 гадоў і дорыць радасць дарослым і дзецям, важнай з’яўляецца дапамога, як з боку Еўрапейскага Саюза, так і з боку кожнай дзяржавы, пакліканых абараняць самых слабых і найбольш уразлівыя сектары эканомікі”, - напісаў ён.
Іерарх падкрэсліў, што шматлікія фізічныя і псіхалагічныя раны, нанесеныя пандэміяй, многія каталіцкія парафіі і дыяцэзіі намагаюцца лячыць “алеем міласэрнай любові” праз дзейнасць сваіх дабрачынных арганізацый, падтрымліваючы ў тым ліку і цыркавыя калектывы і клапоцячыся пра іх жывёл.
“Жалоба, хвароба, цяжкасці рознага роду паказалі, што “жыццё кожнага з нас злучана з жыццём іншых: жыццё – не час, які прамінае, але час сустрэчы”, час братэрства, якое з’яўляецца сапраўдным супрацьяддзем ад культуры выключэння і адчужэння”, - дадаў кардынал Тарксан.
Прэфект падзякаваў прадстаўнікам цыркавых калектываў, за тое, што нягледзячы на цяжкасці, яны гатовы працягваць несці радасць людзям. У прыватнасці ён узгадаў пра свой візіт у ватыканскі педыятрычны шпіталь Bambino Gesù 17 студзеня 2020 г., падчас якога яго суправаджалі артысты Rony Roller Circus.
Кардынал Пітэр Тарксан заклікаў цыркавыя калектывы наведваць месцы пакут дзяцей і пажылых людзей, “спрагнёных чыстай радасці, якую здольны падарыць цырк”.