Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

5-годдзе відэапраекту Сусветнай сеткі папскай малітвы

Мінула пяць гадоў з таго часу як Францішак пачаў абвяшчаць і тлумачыць сваю малітоўную інтэнцыю на кожны месяц у кароткім відэароліку, падрыхтаваным Сусветнай сеткай папскай малітвы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Арганізатары праекту не чакалі, што ён стане такім доўгатрывалым і ахопіць аўдыторыю ў мільёны людзей. Аб гэтым распавёў Vatican News міжнародны дырэктар Сусветнай сеткі папскай малітвы кс. Фрэдэрык Фарнос.

“Я думаў, што праект будзе працягвацца тры месяцы, максімум год, але ён развіваецца ўжо нашмат больш”, - сказаў святар. Кароткія відэаролікі з малітоўнымі інтэнцыямі, якія Папа даручае ўсяму свету, дасягнулі 155 мільёнаў праглядаў і каля 17 тыс. водгукаў у міжнароднай прэсе, - дадаў ён.

“Мы павінны памятаць, што менавіта ватыканскія сацыяльныя сеткі дапамаглі нам дасягнуць такога выніку, бо праект ад самага пачатку рэалізуецца ў супрацоўніцтве, у тым ліку, з Vatican News”, - сцвердзіў кс. Фарнос.

Ідэя стварэння кароткіх відэаролікаў з інтэнцыямі Папы ўзнікла ў 2016 г., напрыканцы Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. Мэтай праекта быў пошуку новых шляхоў, каб дапамагчы людзям маліцца ў інтэнцыях Святога Айца. “Мы хацелі патлумачыць чаму важна маліцца, напрыклад, аб чалавечым братэрстве і міры, як просіць Пантыфік. Той факт, што сам Святы Айцец сваімі словамі кожны раз матывуе нас, я лічу ключом да поспеху”, - прызнаўся дырэктар Сусветнай сеткі папскай малітвы.

Святар распавёў, што цяпер відэаролікі выходзяць на 23 мовах, а мясцовыя Касцёлы самі выходзяць з ініцыятывай перакладаць іх. “Гэта спосаб адчування сябе ў еднасці са Святым Айцом і місіяй Касцёла”, - падкрэсліў кс. Фрэдэрык Фарнос.
 

27 мая 2021, 12:44