Пошук

Прэзідэнт Швейцарскай Канфедэрацыі Гі Пармэлен Прэзідэнт Швейцарскай Канфедэрацыі Гі Пармэлен 

Ватыкан: Прэзідэнт Швейцарыі на прысязе швейцарскіх гвардзейцаў

Ужо праз некалькі дзён, 6 мая 2021 г., 34 новыя швейцарскія гвардзейцы прымуць у Ватыкане прысягу на вернасць Пантыфіку. На цырымоніі будзе прысутнічаць Прэзідэнт Швейцарскай Канфедэрацыі Гі Пармэлен.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб сваёй прысутнасці заявілі таксама старшыні Нацыянальнай рады і Савета кантонаў Андрэас Эбі і Алекс Купрэхт. З прычыны пандэміі мерапрыемствы пройдуць з невялікай колькасцю запрошаных.

Урачыстасць пачнецца Нешпарамі ўвечары 5 мая ў касцёле Санта-Марыя-дэла-П'ета Нямецкага калегіўма. У ранішнія гадзіны 6 мая гвардзейцы возьмуць удзел у св. Імшы, якую ў базыліцы св. Пятра ўзначаліць кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін. Цырымонія прысягі адбудзецца ў 17.00 у двары св. Дамаса ў Апостальскім палацы. Папу будзе прадстаўляць арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара, Субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыята.

Пяць з 34 новых гвардзейцаў паступілі на службу ў чэрвені 2020 г., 14 – у пачатку верасня і 15 – у пачатку студзеня 2021 г. У залежнасці ад кантона, з якога яны паходзяць, салдаты будуць прысягаць на нямецкай, італьянскай, французскай і рэтараманскай мовах.

Прысяга звычайна адбываецца ў Ватыкане 6 мая, ва ўспамін т.зв. Sacco di Roma, калі 147 з 189 швейцарскіх салдат загінулі ў абароне Клімента VII. Дзякуючы ім, удалося схаваць Папу ў бяспечным месцы, у замку св. Анёла.

Швейцарская гвардыя служыць папам з 1506 г. Салдаты і афіцэры адказваюць за асабістую ахову Святога Айца і кантралююць уваходы ў Ватыкан. Цяпер у асабовым складзе 135 чалавек. Падаць заяўку на службу ў шэрагах гвардыі могуць швейцарскія католікі ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў.
 

03 мая 2021, 11:30