Пошук

Алок Шарма (злева) Алок Шарма (злева) 

Старшыня кліматычнага саміту COP26 у Ватыкане

Алок Шарма, старшыня кліматычнага саміту ААН COP26, які адбудзецца ў лістападзе ў Глазга, наведаў Ватыкан 10 мая 2021 г. Ён сустрэўся, між іншым, з кардыналам Дзяржсакратаром П'етра Паралінам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Абмяркоўвалася ключавая роля, якую павінны адыграць рэлігіі і рэлігійныя лідары ў барацьбе са змяненнем клімату і абароне найбольш уразлівых супольнасцей, а таксама аб падрыхтоўцы да папярэдняй канферэнцыі на вышэйшым узроўні "Вера і навука – насустрач COP26", якая пройдзе ў Рыме.

Шарма падзякаваў за пастаянную падтрымку Апостальскай Сталіцай намаганняў па ахове клімату, уключаючы меры па скарачэнні выкідаў вугляроду, прынятыя ў самім Ватыкане. Папа паабяцаў звесці іх да нуля да 2050 г.

Брытанскі палітык прадставіў мэты саміту ў Глазга: абмежаванне глабальнага пацяплення да 1,5 градуса Цэльсія, абарона супольнасцей і іх прыроднага месцапражывання, мабілізацыя да фінансавання аховы навакольнага асяроддзя і сумесная праца па паскарэнні дзеянняў.

Ён таксама адзначыў, што ўсе рэлігіі павінны мабілізаваць вернікаў да экалагічнай дзейнасці. Ён выказаў надзею, што маральнае лідарства Францішка ва ўсім свеце зробіць яго прыкладам для іншых.

Рымская канферэнцыя "Вера і навука – насустрач COP26" збярэ рэлігійных лідараў і навукоўцаў. Яе арганізуюць пасольствы Італіі і Вялікабрытаніі пры Апостальскай Сталіцы. Падрыхтоўка вядзецца ў інтэрнэце з лютага 2021 г.

Арганізатары спадзяюцца на паездку Пантыфіка ў Глазга для выступлення перад удзельнікамі форуму.
 

12 мая 2021, 13:00