У Ватыкане створана рабочая група па “экскамуніцы мафіі”
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Паведамленне аб стварэнні рабочай групы было абнародавана 9 мая 2021 г., у дзень беатыфікацыі Разарыа Анджэла Ліваціна – сіцылійскага суддзі, забітага ў 1990 г. па загадзе Коза Ностры. Ён стаў першым у гісторыі благаслаўлёным, які праславіўся рашучай барацьбой з арганізаванай злачыннасцю.
У склад новай структуры ўвайшлі: італьянскі арцыбіскуп Мікеле Пэнізі, пастыр архідыяцэзіі Манрэаль, Джузэпэ Піньятонэ, старшыня Трыбунала Дзяржавы Ватыкан, кс. Луіджы Чыёці, старшыня Асацыяцыі Libera, Розі Біндзі, былая старшыня італьянскай Парламенцкай камісіі па расследаванні феномена мафіі і іншых злачынных арганізацый, а таксама іншыя эксперты.
Ён нагадаў, што ў 2018 г. пры Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека была створана Міжнародная глабальная сетка супраць карупцыі арганізаванай злачыннасці і мафіі. Рабочая група па экскамуніцы – працяг гэтай працы. “У пэўны момант мы ўсвядомілі, што ў сацыяльным вучэнні Касцёла, у кананічным праве, у Катэхізісе няма ўзгадак пра экскамуніку мафіёзі”, - заўважыў Альбэрці.
“У першую чаргу нас хвалюе культурны аспект, гэта значыць неабходнасць у пашырэнні ўсведамлення і прасоўванне гэтых тэм, каб умацаваць пасланне Папы і не дапусціць любы магчымы кампраміс паміж каталіцтвам і мафіяй. Акрамя таго мы будзем займацца дактрынальнымі і кананічнымі пытаннямі”, - сказаў ён. Група будзе шчыльна супрацоўнічаць з Кангрэгацыяй Веравучэння і Папскай радай па інтэпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.
Св. Ян Павел ІІ, наведваючы сіцылійскі горад Агрыджэнта ў 1993 г., у вельмі моцных словах заклікаў мафіёзі да навяртання. У 2010 г. у Палерма Бэнэдыкт XVI акрэсліў мафіёзную дзейснасць як “шлях смерці”. У сваю чаргу Францішак, падчас візіту ў Калабрыю ў 2014 г., падкрэсліў, што мафіёзі ставяць сябе па-за камуніяй з Богам і таму з’яўляюцца экскамунікаванымі.