Злачынства педафіліі будзе ўнесена ў Кодэкс кананічнага права
У Кодэкс кананічнага права будзе ўведзены канон аб злачынствах, звязаных з сексуальным выкарыстаннем непаўналетніх. Пра гэта паведаміў сакратар Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю агенцтву Europa Press біскуп Хуан Ігнасіа Ар'ета Ачоа дэ Чынчэтру адзначыў, што асобны канон на гэтую тэму будзе ўключаны ў новую рэдакцыю VI Кнігі Кодэкса (Санкцыі ў Касцёле), якая рыхтуецца да выдання.
Пасля раздзела "Злачынствы супраць асаблівых абавязацельстваў" будзе дададзены новы "Злачынствы супраць жыцця, годнасці і свабоды чалавека", у які ўвойдуць каноны, звязаныя з забойствам, абортам, выкраданнем або гандлем людзьмі і сексуальным выкарыстаннем непаўналетніх.
70-гадовы іcпанскі іерарх на працягу 14 гадоў бесперапынна з'яўляецца сакратаром узгаданай вышэй Папскай рады.
20 мая 2021, 10:37