Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: COP26 можа стаць вызначальнай для чалавецтва

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у прэзентацыі сустрэчы “Вера і навука – да COP26”, якая пройдзе 4 кастрычніка 2021 г. у рамках падрыхтоўкі да Кліматычнага саміту ААН у Глазга.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі нагадаў, што ад самага пачатку пантыфікату папы Францішка была заўважна яго адчувальнасць да пытанняў, звязаных з навакольным асяроддзем, што асаблівым чынам выявілася ў энцыкліцы Laudato si’. Гэты дакумент “меў надзвычайны поспех ва ўсім свеце, як сярод вернікаў, так і людзей, якія не вераць у Бога і маюць розныя светапогляды”.

Нягледзячы на тое, што з часу публікацыі энцыклікі мінула ўжо шэсць гадоў, пытанне пра клопат аб нашым супольным доме зноў выйшла на першы план у кантэксце актуальнай пандэміі, якая справакавала эканамічны, грамадскі і харчовы крызіс.

Спасылаючыся на словы Святога Айца пра тое, што “ўсё ўзаемазвязана”, арцыбіскуп Галахер заўважыў, што адказваючы на выклікі, якія перад светам і чалавецтвам ставіць змена клімату, неабходна таксама адказваць на ўсе звязаныя з ёй праблемы.

У гэтым кантэксце прадстаўнік Апостальскай Сталіцы звярнуў увагу на ролю рэлігіі і рэлігійных лідараў, бо “рэлілія па сваім вызначэнні, з’яўляецца цэласным бачаннем жыцця, свету і чалавецтва”, таму ахоплівае ўсе праблемы, якія ўплываюць на наша чалавечае існаванне.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што экалагічныя праблемы немагчыма вырашыць у адзіночку. “Кліматычныя змены не ведаюць межаў і аказваюць адмоўнае ўздзеянне на людзей, якія часта не нясуць непасрэднай адказнасці за іх”, - сказаў іерарх.

Падрыхтоўка да сустрэчы, якая адбудзецца ў кастрычніку, паказала наколькі каштоўным і карысным з’яўляецца супрацоўніцтва. Арцыбіскуп адзначыў, што вучэнне папы Францішка пра агульначалавечае братэрства падштурхоўвае станавіцца на шлях супрацоўніцтва, якое будзе ахопліваць усё чалавецтва, “грунтуючыся на ўзаемнай павазе і адкрытым дыялогу”.

Іерарх нагадаў пра неаднаразовыя заклікі Святога Айца да таго, каб пераглядзець адносіны з прыродай. “Мы павінны зрабіць усё гэта ў духу братэрства, справядлівасці і клопату пра іншых”, - сказаў ён, дадаючы, што гэта цалкам супярэчыць культуры адчужэння і марнатраўства, якая характарызуе сучаснае грамадства.

Арцыбіскуп Галахер указаў на неабходнасць таго, каб прыслухацца адзін да аднаго і браць на сябе адказнасць за ўсё, што адбываецца ў свеце. “Мы пакліканы пераасэнсаваць свет, у якім жывём, наш лад жыцця і стаць на шлях экалагічнага навяртання”, - дадаў ён.

Ватыканскі дыпламат выказаў спадзяванне на тое, што рэлігійныя лідары змогуць зрабіць свой уклад у COP26, заахвочваючы палітычных лідараў і дзяржаўных дзеячаў да прыняцця мужных рашэнняў. Прыгадваючы шматлікія праблемы сучаснага свету, сярод якіх міграцыя і знішчэнне навакольнага асяроддзя, ён падкрэсліў, што COP26 можа стаць ключавым момантам у гісторыі чалавецтва.

“Будзе неабходна прыняць складаныя рашэнні, але мы спадзяемся на тое, што з Божай ласкай мы будзем мець мужнасць, каб прыняць іх і рушыць наперад у пытаннях, якія маюць вызначальны ўплыў на тое, якім будзе жыццё нашай планеты ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі і стагоддзі”, - падкрэсліў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

Сустрэча "Вера і навука – да COP26" пройдзе ў Ватыкане і Рыме 4 кастрычніка 2021 г. У ёй прымуць удзел рэлігійныя лідары і навукоўцы, якія разам разгледзяць праблему змены клімату і неабходнасць глабальных намаганняў, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя. Форум арганізуюць пасольствы Італіі і Вялікабрытаніі пры Апостальскай Сталіцы.
 

18 чэрвеня 2021, 08:08