Пошук

Вывеска ў сядзібе Кангрэгацыі па справах духавенства Вывеска ў сядзібе Кангрэгацыі па справах духавенства 

Італьянскі іерарх правядзе візітацыю ў Кангрэгацыі духавенства

Францішак папрасіў 65-гадовага італьянскага біскупа Эджыдзіа Міраголі правесці візітацыю ў Кангрэгацыі па справах духавенства, у кампетэнцыі якой знаходзяцца больш за 410 тыс. каталіцкіх святароў па ўсім свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пастыр дыяцэзіі Мандові ў П'емонце паведаміў аб гэтым 7 чэрвеня 2021 г. у лісце да свайго духавенства. Іерарх прызнаўся, што напрыканцы апошняй пленарнай асамблеі італьянскай біскупскай канферэнцыі Святы Айцец папрасіў правесці візітацыю Кангрэгацыі па справах духавенства "ад яго імя". 3 чэрвеня падчас сустрэчы ў Доме св. Марты Францішак падрабязна распавёў пра свае чаканні.

Біскуп Міраголі паінфармаваў сваіх святароў, што з 9 чэрвеня пачне сустрэчы з кожным з супрацоўнікаў дыкастэрыі. Іерарх чакае, што праца расцягнецца па меншай меры на ўвесь чэрвень.

Навіна з'явілася незадоўга да чаканай адстаўкі цяперашняга прэфекта, італьянскага кардынала Бэньяміна Стэлы, якому 18 жніўня споўніцца 80 гадоў. Ён знаходзіцца на пасадзе з верасня 2013 г.

У Кангрэгацыі па справах духавенства працуюць 27 прадстаўнікоў духавенства і двое свецкіх. Яе вытокі сягаюць 1564 г., калі была створана кангрэгацыя, якая кантралявала правільнае тлумачэнне і выкананне дэкрэтаў Трыдэнцкага сабору. Назву Саборнай яна захоўвала да 31 снежня 1967 г., калі Павел VI у рамках рэформы Рымскай курыі змяніў яе на Кангрэгацыю па справах духавенства.
 

09 чэрвеня 2021, 11:30