Міжнародная канферэнцыя па негатыўнай тэалогіі ў ХХІ стагоддзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Негатыўная тэалогія ахарактарызавала падыход Айцоў Касцёла да дыялогу з філасофіяй і культурай эпохі. У святле вучэння папы Францішка гэты падыход можа прапанаваць каштоўныя ідэі для міжрэлігійнага і міждысцыплінарнага дыялогу, ставячы рэальнасць перш ідэі”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні.
Юдэі, хрысціяне і мусульмане падзяляюць разуменне таго, што Бог неспазнавальны, а Яго дзеі нязведаныя. Гэта можа дапамагчы пераадолець фундаменталізм, пакінуўшы некранутым сэнс таямніцы, і садзейнічаць дыялогу, рэлігійнай свабодзе, цярпімасці і павазе.
Арганізатары форуму перакананыя, што негатыўная тэалогія можа прапанаваць карысную схему для пераадолення моўнай і эпістэмалагічнай закрытасці розных дысцыплін, робячы магчымай міждысцыплінарную працу.
Апафатычная (адмоўная ці негатыўная) тэалогія – гэта тэалагічны метад, які заключаецца ў спазнанні Бога праз разуменне таго, чым або якім Ён не з'яўляецца, напрыклад, “бязгрэшны", "бясконцы", "несмяротны”.