Пошук

Папа Пій XII Папа Пій XII 

Прадстаўлены папярэднія вынікі даследаванняў архіваў Пія XII

Папярэднія вынікі даследаванняў пантыфікату Пія XII (1939-1958) былі прадстаўлены гісторыкамі ў Рыме. Архівы адкрылі для даследчыкаў у сакавіку 2021 г.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Праз год пасля адкрыцця ватыканскіх архіваў, якія тычацца пантыфікату Папы Пачэлі, ужо можна сказаць, што ні стэрэатып "нямецкага Папы", ні стэрэатып "яўрэйскага Папы" не адпавядаюць рэчаіснасці”, - сказала гісторык Ніна Вальбуске з Ecole Francaise у Рыме. На яе думку, для ацэнкі пантыфікату даследаванні павінны выходзіць за межы асобы Пантыфіка і ўлічваць увесь "апарат Ватыкана".

Напрыклад, тагачасны нунцый у акупаванай Францыі вельмі вітаў “яўрэйскія” законы, прынятыя немцамі. Аб гэтым нунцый Валеры пісаў у Дзяржаўны сакратарыят. З іншага боку біскуп П'ер-Мары Тэас з Монтабана раскрытыкаваў доўгае маўчанне прадстаўнікоў Касцёла ў сувязі з дэпартацыяй яўрэяў. Каталіцкі філосаф Жак Марытэн пісаў у Дзяржаўны сакратарыят у 1945 г., што зараз пасля заканчэння вайны Папа можа адкрыта гаварыць пра яе жахі. Увогуле, лічыць Вальбуске, пытанне маўчання трэба разглядаць у кантэксце эпохі.

Сімон Унгер-Алві з Нямецкага гістарычнага інстытута ў Рыме звярнуў увагу на ролю пантыфікату Пія XII у працэсе аб'яднання пасляваеннай Еўропы. Калі Францыя, напрыклад, выступала за нейтральную, абяззброеную Германію, Апостальская Сталіца падтрымала Конрада Адэнаўэра і відавочна выступіла за ўз'яднанне Федэратыўнай Рэспублікі Германія з Захадам. "Напрыклад, саюз ХДС і Ватыкана быў асновай дэмакратычнага парадку і сацыяльнай рынкавай эканомікі", - адзначыў нямецкі гісторык.

У сваю чаргу італьянская даследчыца Лючыя Чэчы чакае далейшых імпульсаў ад гісторыкаў з іншых кантынентаў і змены пакаленняў у гістарычных даследаваннях. Паводле яе, трэба таксама звярнуць увагу на ролю Касцёла пры Піі XII у працэсе дэкаланізацыі. Гісторык перасцерагла ад далейшай "сенсацыйнасці" вакол асобы Пантыфіка. Гэта перашкаджае разважанням і даследаванню іншых важных аспектаў пантыфікату Эўджэніа Пачэлі, - звярнула ўвагу італьянскі гісторык.
 

19 чэрвеня 2021, 11:03