Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: душпастырства сем’яў аб’яднаюць у сусветную сетку

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця праводзіць у Ватыкане анлайн-форум Amoris Laetitia, прысвечаны душпастырству сем’яў.

Ян Глінскі - Vatican News

Пяцідзённае мерапрыемства, якое завершыцца 13 чэрвеня 2021 г., стане пачаткам будавання сеткі кантактаў і супрацоўніцтва паміж адказнымі за душпастырства ў нацыянальных епіскапатах і міжнародных арганізацыях. Гэта першая такога роду маштабная ініцыятыва, накіраваная на дапамогу каардынатарам па справах сям’і наладзіць міжнародныя сувязі і абмен досведам.

Аб неабходнасці стварэння сусветнай сеткі сведчыць рэакцыя саміх удзельнікаў сустрэчы, якія апавядаюць пра свае ініцыятывы і шукаюць натхнення ад прадстаўнікоў іншых краін і мясцовых Касцёлаў. Удзельнікі ўздымаюць, між іншым, тэмы падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства, выхавання дзяцей, сужэнскай духоўнасці і фармацыі тых, хто займаецца сямейным душпастырствам. У апошні дзень размова пойдзе пра суправаджэнне сужэнстваў у асабліва складаных сітуацыях.

Праграма форуму была падрыхтавана на аснове анкет, якія ватыканская дыкастэрыя даслала адказным, каб убачыць маштаб і спосабы рэалізацыі зместу папскай адгартацыі Amoris Laetitia праз пяць гадоў пасля яе публікацыі.

Сваё пасланне да ўдзельнікаў скіраваў таксама Францішак, які заахвоціў да большай руплівасці ў душпастырстве сем’яў, асабліва ў час выйсця з пандэміі, якая змяніла жыццё многіх з іх.
 

12 чэрвеня 2021, 10:27