Пошук

Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле 

Кардынал-прэфект: пандэмія вярнула нас да сэрца місіі

Чалавецтва шмат пацярпела, але пандэмія не перашкодзіла нашай місійнай дзейнасці. На гэта ўказаў кардынал Луіс Антоніа Тагле, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

Ян Глінскі - Vatican News

Падчас адкрыцця штогадовай Генеральнай асамблеі Папскіх місійных ініцыятыў, якая праходзіла ў фармаце анлайн 1-3 чэрвеня 2021 г., іерарх заўважыў, што пандэмія дала “вялікі ўрок пакоры”: многія душпастырскія планы і праграмы не ўдалося рэалізаваць, настала “перавыхаванне”, “мы вярнуліся да сэрца місіі, абуджаючы нанова місійную зацікаўленасць у сем’ях, школах, парафіях і месцах працы”.

Як патлумачыў прэфект, адкрыццё місіянерскага паклікання кожным ахрышчаным вядзе да “жэстаў місійнай любові і салідарнасці да бедных і церпячых”.

Кажучы пра евангелізацыю, кардынал Тагле звярнуў увагу на важнасць прысутнасці місіянераў у лічбавай прасторы, у сацыяльных сетках, дзе яны могуць дзяліцца сваімі натхняльнымі гісторыямі і досведам. “Бог наладзіў сувязь з намі, пасылаючы нам Сына, Слова, якое сталася целам”, і такім чынам “прамовіў на мове чалавецтва”.

Прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў нагадаў, што не дастаткова толькі абвяшчаць Евангелле, трэба жыць ім, “бо маладыя людзі, эксперты ў віртуальнай рэальнасці, лёгка распазнаюць, ці аўтэнтычная асоба, якая наладжвае сувязь, ці жыве яна пасланнем, якім дзеліцца”.
 

04 чэрвеня 2021, 12:49