Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

50 гадоў таму Пантыфік стварыў дыкастэрыю па дабрачыннасці

50 гадоў таму, 15 ліпеня 1971 г., рашэннем Паўла VI была створана Папская рада Cor Unum, якую ў пачатку 2017 г. уключылі ў Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На той час новая структура павінна была каардынаваць дабрачынную дзейнасць Касцёла, падтрымліваць усебаковае развіццё чалавека і хрысціян, а таксама ад імя Папы аказваць дапамогу пацярпелым у крызісах і катастрофах.

Рада каардынавала каталіцкія дабрачынныя ініцыятывы і кантралявала дзейнасць Caritas Internationalis. Апошнім яе старшынёй быў кардынал Рабер Сара. У рамках рэформы Рымскай курыі 1 студзеня 2017 г. кампетэнцыя Рады была перададзена створанай Францішкам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

З самага пачатку Cor Unum змяшчала сваю дзейнасць у кантэксце сацыяльнага служэння, якое Касцёл ажыццяўляў праз Папскую раду Iustitia et Pax. Калі "сацыяльнае служэнне" тычылася ў першую чаргу грамадскага развіцця, у Cor Unum на першы план выходзілі душпастырскія і тэалагічныя акцэнты. Акрамя матэрыяльнай беднасці існуе і духоўная; Касцёл не павінен заплюшчваць вочы на абедзве – гэта быў дэвіз Папскай рады.

Cor Unum імкнулася, у прыватнасці, пабудаваць тэалагічны фундамент для матывавання вернікаў да "служэння любові", якім з'яўляецца Caritas. Нямецкі кардынал Паўль Ёзэф Кордэс, старшыня дыкастэрыі ў 1995-2000 гадах, успамінаў, што падчас уступлення на пасаду Ян Павел ІІ сказаў яму: "Caritas пачынаецца не з грошай". Папа падкрэсліў тады, што “caritas” з'яўляецца адным з асноўных абавязкаў кожнага ахрышчанага, і таму каталіцкія арганізацыі дапамогі павінны мець выразны каталіцкі профіль. Адсюль Кордэс аддаваў перавагу называць працу, якой кіраваў, "папскім карытасам".

Cor Unum стала вядома дапамогай у крызісных сітуацыях і катастрофах. У выпадку канфліктаў і стыхійных бедстваў старшыня дыкастэрыі часта ездзіў у якасці першага прадстаўніка Апостальскай Сталіцы ў пацярпелыя рэгіёны: у Руанду, Гаіці, Косава, Дарфур, Паўднёвую Азію пасля цунамі, Сірыю. Ён наведваў лагеры бежанцаў, сустракаўся з ацалелымі і сваякамі ахвяр, перадаваў Папу інфармацыю, наладжваў кантакты з мясцовымі Касцёламі, запрашаў каталіцкія арганізацыі дапамогі да супрацоўніцтва і прымаў удзел у каардынацыі надзвычайнай дапамогі. Старшыня Cor Unum звычайна прывозіў чэк ад Пантыфіка, каб палегчыць вырашэнне самых надзённых праблем. Ён таксама звязваўся з цэнтрамі мясцовага самакіравання для аказання дапамогі пацярпелым.

З гадамі гэтыя задачы пашыраліся, узмацнялася супрацоўніцтва з буйнымі дыбрачыннымі арганізацыямі. Акрамя таго, за Радай былі прызнаны юрыдычныя паўнамоцтвы, напрыклад, у дачыненні да Caritas Internationalis, але таксама некаторых папскіх фондаў, такіх як Populorum Progressio для Лацінскай Амерыкі і Фонду Яна Паўла II для Сахеля. Першапачатковая мэтай апошняга было гарантаванне людзям доступу да вады, напрыклад, шляхам будаўніцтва калодзежаў. Аднак з цягам часу на першы план выйшла праблема міграцыі: Сахель стаў важным транзітным шляхам для людзей з паўднёвай Сахары, якія імкнуцца дабрацца да Еўропы. Важную ролю адыгрывалі такія пытанні, як стварэнне працоўных месцаў.

З 2017 г. Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ў значнай ступені працягвае працу папярэдніка ў якасці органа, які каардынуе дабрачыннасць Касцёла і працу на карысць інтэгральнага развіцця. Таксама працягваюцца тэалагічныя разважанні і клопат пра каталіцкі профіль дапамогі.
 

15 ліпеня 2021, 11:52