Пошук

Вывеска на офісе Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы Вывеска на офісе Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы 

Фінансавы інстытут Святога Пасаду абнародаваў справаздачу

Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA) упершыню пасля 1967 г. апублікавала фінансавую справаздачу.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Паводле балансу, у 2020 г. на патрэбы Рымскай курыі было выдаткавана ўдвая менш, чым годам раней – 20 млн. еўра.

Дзякуючы здачы ў арэнду нерухомасці ў Парыжы і Лондане стала магчымай бязвыплатная перадача ў карыстанне Апостальскай элемазінарыі рымскага Палаца Мільёры, ператворанага ў прытулак для бяздомных.

Адзначаецца таксама, што быў набыта новы будынак недалёка ад Трыумфальнай аркі ў Парыжы: прадавец, скарыстаўшыся пасрэдніцтвам ватыканскай кампаніі Sopridex, прызначыў частку выручанай сумы на будаўніцтва новага храма ў адным з бедных раёнаў Парыжа.

APSA прыводзіць дадзеныя аб трох сферах сваёй дзейнасці. Па-першае, гэта сектар нерухомасці: у Італіі структуры належаць 4 051 будынак, 92% якіх размешчаны ў Рыме і вобласці. Другі сектар – рухомая маёмасць. Трэці – паслугі, у асноўным бухгалтарскія, якія бязвыплатна прапануюцца ватыканскім установам.

Паведамляецца, што ў сувязі з крызісам, выкліканым пандэміяй, Адміністрацыя пайшла насустрач арандатарам камерцыйных памяшканняў, скараціўшы арэндную плату на 30-50%. Акрамя таго, быў распрацаваны праект здачы ўнаём будынкаў, якія зараз не выкарыстоўваюцца. Ён прадугледжвае капітальны рамонт ста кватэр, якія затым будуць здавацца праз агенцтвы па нерухомасці.

Абвяргаючы папулярны міф аб нявыплаце падаткаў Ватыканам, APSA паведаміла, што ў 2020 г. ёй выплачана ў італьянскую казну 5,95 млн. еўра ў якасці адзінага муніцыпальнага падатку (IMU) і 2,88 млн. еўра ў кошт падатку на прыбытак для прадпрыемстваў.
 

26 ліпеня 2021, 12:16