Пошук

Папа Францішак з пажылой парай. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак з пажылой парай. Ілюстрацыйнае фота 

Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей у Ватыкане

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям'і і жыцця паведаміла падрабязнасці правядзення ў Ватыкане Першага сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей, абвешчанага Францішкам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэты Дзень будзе адзначацца штогод у чацвёртую нядзелю ліпеня ў непасрэднай блізкасці да літургічнага ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса.

У нядзелю 25 ліпеня 2021 г. у 10.00 у базыліцы св. Пятра пройдзе Імша, у якой прымуць удзел каля 2 тыс. асоб; у асноўным гэта будуць бабулі і дзядулі ў суправаджэнні ўнукаў, сярод іх – некалькі соцень чалавек, якія ўпершыню пасля больш чым гадавой самаізаляцыі пакінуць свае дамы.

Першы сусветны дзень пажылых будзе таксама адзначацца ў каталіцкіх дыяцэзіях па ўсім свеце, і навіны пра шматлікія ініцыятывы “на месцах” ужо паступаюць у ватыканскае ведамства. Арганізатары запрашаюць усіх, асабліва моладзь, наведаць бабуль і дзядуль ці адзінокіх старых у сваёй парафіяльнай супольнасці.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям'і і жыцця апублікавала спецыяльную малітву, падрыхтаваную да святкавання Першага сусветнага дня. Яна была таксама запісана ў фармаце відэа: Францішак зачытаў на іспанскай мове яе першую частку, а наступныя радкі прамовілі на розных мовах пажылыя людзі з розных кантынентаў.

Сусветны дзень праводзіцца для таго, каб “паказаць блізкасць Пана і Касцёла да кожнага пажылога чалавека, асабліва ў гэты няпросты час пандэміі”, - гаворыцца ў адмысловым прэс-рэлізе.
 

23 ліпеня 2021, 15:19