Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Акадэмія жыцця за дыялог паміж вернікамі і няверуючымі аб смерці

"Не варта ўзводзіць сцены ў ідэалагічнай бітве за асноўныя праблемы, звязаныя з жыццём. Нам патрэбны агульны для ўсіх закон, які злучыць свецкі свет і свет веруючых", - лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Папскай акадэміі жыцця выступіў у кантэксце збору подпісаў у Італіі аб правядзенні рэферэндуму адносна эўтаназіі. На працягу некалькіх тыдняў зварот падпісалі 750 тыс. чалавек.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што колькасць сабраных подпісаў з'яўляецца вынікам глыбокага хвалявання сучаснага грамадства лёсам чалавека. Але беручы пад увагу каштоўнасць чалавечага жыцця, нельга паддавацца дамінуючай хвалі эмоцый, якая спрашчае складанасць праблем, звязаных з завяршэннем зямнога жыцця. Ён адзначыў, што вялікая колькасць галасоў за рэферэндум, несумненна, сведчыць аб пашырэнні віталісцкага падыходу, які ацэньвае каштоўнасць жыцця толькі з пункту гледжання яго карыснасці і эфектыўнасці. Арцыбіскуп нагадаў, што імкненне ліквідаваць усё слабае – гэта выраз дамінавання "культуры адчужэння".

Галоўны папскі акадэмік звярнуў увагу на тое, што невылечна хворыя проста не хочуць пакутаваць, у іх няма жадання памерці любой цаной. Ён нагадаў пра неабходнасць паважаць годнасць чалавека таксама ў працэсе смерці. І гэта можа быць дасягнута ў выніку паліятыўнай дапамогі.

“Мы павінны змякчыць пакуты, а не легалізаваць эўтаназію”, - падкрэсліў старшыня Папскай акадэміі жыцця. Ён заклікаў перастаць думаць аб любой маральнай праблеме выключна з пункту гледжання ідэалагічнай барацьбы паміж вернікамі і няверуючымі.
 

30 жніўня 2021, 12:10