Пошук

Біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін Біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін 

Падсакратар Сінода Біскупаў: новая формула – заклік да творчасці

Адзінства і разважлівасць – гэтыя два вымярэнні з'яўляюцца ключом да плённага досведу сінадальнага шляху, які адкрываецца для Касцёла, - лічыць біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іспанскі аўгустыніянец, які з’яўляецца падсакратаром Сінода Біскупаў і кіраўніком Сінадальнай тэалагічнай камісіі, перакананы, што новая форма Сінода Біскупаў – гэта заклік да творчасці.

Сінод “прызначаны быць не парламентам ці месцам ідэалагічнай барацьбы, а агульным шляхам, на якім кожны зможа ўнесці свой уклад у жыццё Касцёла ў адпаведнасці з сваёй харызмай”, - адзначыў іерарх. Ён заўважыў, што дзякуючы змененай Францішкам формуле, асамблея стане ўнікальнай падзеяй у гісторыі Касцёла: яна пройдзе на нацыянальным і кантынентальным узроўнях і толькі на канчатковым этапе ўвянчаецца сустрэчай у Ватыкане.

“Сапраўды варта прыслухацца да голасу свецкіх вернікаў, законнікаў і святароў і з гэтай мэтай пайсці на перыферыю дыяцэзій і парафій”, - падкрэсліў падсакратар Сінода Біскупаў, нацыянальны этап якога пачнецца ў кастрычніку ў дыяцэзіях па ўсім свеце.

Паколькі Сінод ніколі не праводзіўся ў такой форме, ад саміх католікаў залежыць, наколькі асамблея стане адлюстраваннем таго, што Дух Святы кажа сёння ў мясцовых Касцёлах, каб зразумець, што Ён кажа ўсяму Касцёлу, - звярнуў увагу біскуп дэ Сан Марцін.

“Гэта не адміністрацыйная падзея, а праца Духа Святога, якая падкрэслівае эклезіялогію супольнасці”, - нагадаў іерарх, дадаючы, што Сінод Біскупаў – не адзінае вымярэнне сінадальнасці ў Касцёле, да якой Францішак заахвочваў з самага пачатку свайго пантыфікату.
 

23 жніўня 2021, 10:21