Пошук

Арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік Арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік 

Новы прэфект Кангрэгацыі духавенства пачаў працу ў Ватыкане

Арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік з Паўднёвай Карэі прыняў 2 жніўня 2021 г. на сябе абавязкі прэфекта Кангрэгацыі па справах духавенства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп-эмерыт Тэджонскі прыбыў у Рым 30 ліпеня. Яго сустрэлі ў аэрапорце Ф'юмічына каля 20 чалавек, у тым ліку пасол Карэі пры Святым Пасадзе Чхо Кю-хо і яго калега з Квірыналу Квон Хі-сёг.

Арцыбіскуп Ю прызнаўся, што адчувае сябе крыху інакш, чым тады, калі прыехаў вывучаць тэалогію ў сталіцу хрысціянскага свету ў 1975 г. Як падкрэсліў іерарх, ён хоча прысвяціць усе свае сілы падтрымцы Святога Айца.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці аказання дапамогі ў рэалізацыі папскага візіту ў Паўночную Карэю, паўднёвакарэйскі іерарх заявіў, што гэта будзе для яго найвялікшым гонарам і што няма большага няшчасця, чым факт сямідзесяцігадовага разлучэння братоў. Ён дадаў, што шанец магчымага візіту Пантыфіка ў Пхеньян ніколі не быў такім вялікім, як сёння.

Трэба адзначыць, што падчас свайго служэння ў дыяцэзіі Тэджон новы прэфект некалькі разоў наведваў Паўночную Карэю ў рамках ініцыятыў салідарнасці і міру, рэалізаваных епіскапатам Карэі. Пасля сустрэчы з Францішкам у красавіку ён распавёў пра жаданне Пантыфіка наведаць паўночнакарэйскую сталіцу Пхеньян. На наступны дзень пасля прызначэння прэфектам, ён пацвердзіў, што калі яму даручаць арганізаваць папскую паездку ў Паўночную Карэю, ён зробіць усё магчымае для яе рэалізацыі.
 

03 жніўня 2021, 11:19