З’явілася афіцыйная футбольная форма Ватыкана
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Майкі, спартыўныя касцюмы, кепкі і заплечнікі з сімволікай ватыканскай футбольнай каманды сталі адной з сёлетніх сувенірных навінак. Палова сродкаў, выручаных ад іх продажу, будзе накіравана на фінансаванне дабрачынных ініцыятыў Святога Айца.
Імянная ватыканская футбольная майка з нумарам “1” была ўручана Францішку падчас агульнай аўдыенцыі 23 чэрвеня 2021 г. Падобныя падарункі атрымалі таксама кардыналы, біскупы, кіраўнікі структур Рымскай курыі ў якасці падзякі за падтрымку спартыўных ініцыятыў у імя дабрачыннасці, сяброўства, культуры дыялогу і сустрэчы.
У верасні ватыканскія футбалісты правядуць дабрачынны матч, падчас якога будуць збірацца сродкі для падтрымкі педыятрычных аддзяленняў некалькіх італьянскіх клінік. Акрамя таго ў планах арганізацыя мужчынскіх і жаночых турніраў па футболе сярод работнікаў ватыканскіх структур.