Пошук

Папа падчас сустрэчы з арцыбіскупам Вісвальдасам Кульбокасам Папа падчас сустрэчы з арцыбіскупам Вісвальдасам Кульбокасам 

Святы Айцец прыняў Апостальскага нунцыя ва Украіне

Неўзабаве ва Украіну прыбудзе новы Апостальскі нунцый, якім прызначаны літоўскі арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас. 2 верасня 2021 г. іерарха прыняў на аўдыенцыі Святы Айцец.

Ян Глінскі - Vatican News

Сустрэча галоўным чынам была прысвечана пытанням дыпламатычнай місіі новапрызначанага нунцыя. Як паведаміў арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, яго прыбыццё ў Кіеў запланавана на 7 верасня. Іерарх указаў на важнасць аўдыенцыі з Пантыфікам, бо місія Апостальскага нунцыя – прадслаўляць Святы Пасад, а найперш Папу.

“Папа распавёў мне пра тое, якое яго бачанне і прыярытэты адносна Украіны, якую ён, як нераз падкрэсліваў, вельмі любіць”, - адзначыў ватыканскі дыпламат у каментары для Vatican News, дадаўшы, што не можа ўдавацца ў дэталі размовы.

“Гэта была сустрэча айца з сынам, які дае наказы на дарогу, – падзяліўся іерарх, звярнуўшы ўвагу на рухавасць і добрае самапачуццё Святога Айца. – Было прыемна бачыць, што Папа мае столькі сіл, што ён са светлым розумам, што памятае шмат дэталяў”.

Аб прызначэнні новага Апостальскага нунцыя ва Украіне было абвешчана 15 чэрвеня 2021 г. Арцыбіскуп Кульбокас знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду з 2004 г. За гэты час ён працаваў у дыпламатычных прадстаўніцтвах у Ліване, Нідэрландах, Расіі, у Аддзеле па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту, а таксама ў Кеніі. Біскупскае пасвячэнне атрымаў 14 жніўня ў Вільнюсе. Украіна стане для яго першым месцам служэння ў якасці Апостальскага нунцыя.
 

03 верасня 2021, 12:36