Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: пакуль няма ўмоў для візіту Святога Айца ў Расію

Хрысціянства і палітычны папулізм, сітуацыя ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, пытанне аб магчымасці візіту Папы ў Расію – тэмы, якія былі закрануты падчас размовы кардынала П’етра Параліна з журналістамі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у сустрэчы Еўрапейскай народнай партыі, якая 22 верасня 2021 г. прайшла ў Рыме і была прысвечана дыялогу з Касцёлам. На палях форума бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка адказаў на некалькі пытанняў журналістаў.

Гаворачы пра прычыны сваёй прысутнасці на саміце адной з буйнейшых палітычных сіл ЕС іерарх падкрэсліў, што менавіта палітыкі пажадалі выслухаць прапановы і просьбы Касцёла. Акрамя таго ён заўважыў, што многія члены Еўрапейскай народнай партыі адкрыта вызнаюць хрысціянскія прынцыпы.

Каментуючы зварот да хрысціянскіях каштоўнасцей у рыторыцы папулістаў правага толку Дзяржсакратар падкрэсліў важнасць таго, каб яны прымалі хрысціянства ў цэласнасці. “У хрысціястве не выбіраецца тое, што найбольш падабаецца, ці тое, што зручнейшае – у хрысціянстве трэба прымаць усё. Да хрысціянства адносіцца абарона жыцця ва ўсіх фазах, ад зачацця да натуральнай смерці, але таксама і любоў да бліжняга, якая выяўляецца ва ўвазе да міграцыйнага феномена згодна з чатырма словамі, якія заўсёды ўказвае Папа: прымаць, бараніць, падтрымліваць і інтэграваць”, - сказаў ватыканскі іерарх, звяртаючы ўвагу на існаванне рызыкі інструменталізацыі рэлігій ці маніпуляцыі імі ў палітычны мэтах.

Кардынал Паралін зазначыў, што Касцёл падзяляе імкненне будаваць будучыню Еўропы на павазе да ўсіх вымярэнняў чалавечай асобы, у тым ліку да трансцэндэнтнага, на фундаменце супольнасці, субсідыярнасці і салідарнасці, што было ўласціва таксама айцам-заснавальнікам Еўрапейскага Саюза.

Іерарх выказаў занепакоенасць напружанасцю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне пасля стварэння альянсу AUKUS, які быў заснаваны ЗША, Вялікабрытаніяй і Аўстраліяй і прадугледжвае ядзернае ўзбраенне апошняй. Дзяржсакратар нагадаў, што Святы Пасад не падтрымлівае павелічэнне ядзерных арсеналаў, бо яны не толькі не дапамагаюць захаванню міра і бяспекі ў свеце, але таксама ўмацоўваюць канфліктнасць.

Журналістаў цікавіла таксама пытанне аб магчымасці візіту Францішка ў Расію. “Я думаю, што Папа быў бы зацікаўлены ў паездцы ў Расію, як і ў іншыя краіны, але мне здаецца, што на цяперашні момант не існуе ўмоў для такога падарожжа. Жаданне павінна рэалізавацца ў канкрэтных ўмовах”, - сказаў ён, дадаўшы, што не можа сказаць пра тое, ці магчыма ў бліжэйшы час сустрэча паміж Святым Айцом і Патрыярхам Маскоўскім.
 

23 верасня 2021, 10:47