Кард. Паралін вызначыў прыярытэты місіі еўрапейскага біскупа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у інаўгурацыйным пасяджэнні пленарнай асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), якая сёлета адзначае сваё 50-годдзе.
Юбілей CCEE – гэта магчымасць не толькі ўспомніць мінулае, але і пазначыць душпастырскія перспектывы, карысныя ў далейшай дзейнасці, - звярнуў увагу іерарх. Ён дадаў, што сапраўдным падмуркам служэння заўсёды з'яўляецца "sentire cum Christo" – ідэнтыфікацыя сябе з Збаўцам.
Кард. Паралін нагадаў словы Папы, якія нядаўна прагучалі ў Будапешце. Паводле Францішка, біскупы павінны абвяшчаць Евангелле, не забываючы пры гэтым, што ў цэнтры жыцця Касцёла – сустрэча з Хрыстом, гарачая любоў да Евангелля, вернае прапаведаванне і ўменне слухаць людзей.
Сярод канкрэтных прыкмет, якія вынікаюць з папскага бачання сітуацыі, іерарх згадаў "фарміраванне тых, хто фарміруе", неабходнае ў той час, калі людзі самаадукуюцца на аснове таго, што знаходзяць у інтэрнэце, без якіх-небудзь крытэрыяў аб'ектыўнасці і разважлівасці і без кантактаў з касцёльнай супольнасцю, якая з’яўляецца “сапраўдным месцам фарміравання” ў веры.
Наступным арыенцірам для біскупаў з'яўляецца "братэрская любоў", якая выяўляецца ў супрацоўніцтве і ўзаемнай падтрымцы мясцовых Касцёлаў і ў супрацьстаянні агульным праблемам, што закранаюць увесь кантынент.
Наступныя парады датычацца падтрымкі сям'і, з асаблівым акцэнтам на моладзь і сямейную палітыку, а таксама абароны чалавечага жыцця: як ненароджаных, так і пажылых людзей, бедных, няпоўнаспраўных, якія лічацца "непатрэбнымі" ў сытай Еўропе.
Таксама неабходна супрацьстаяць рэлятывізму, які трактуе маральныя каштоўнасці ў адпаведнасці з тым, што зручна ў дадзены момант. Абавязак біскупа – нагадаць праўду і аб'ектыўныя правілы, - адзначыў Дзяржсакратар.
Важна звярнуць увагу на сацыяльную рэчаіснасць, на самых слабых і адкінутых, такіх як бедныя і мігранты. Праявіць у адносінах да іх любоў – гэта каштоўная магчымасць евангелізацыі і сведчання веры. Важнай сферай з'яўляецца адзінства хрысціян, фарміраванне Еўропы праз дыялог з еўрапейскімі інстытутамі, клопат аб навакольным асяроддзі (што з'яўляецца адной з найбольш вострых задач, якія стаяць перад чалавецтвам), міратворчасць (якая стала цэнтральным пытаннем для папскай дыпламатыі) не толькі ў адсутнасць вайны, але і ў прызнанні, гарантаванні і аднаўленні чалавечай годнасці.
Дзяржаўны сакратар прызнаў выкарыстанне мовы, зразумелай для людзей, якім абвяшчаецца Евангелле, асабліва для моладзі, ключавой задачай для Касцёла. Існуе таксама неабходнасць выклікаць цікавасць да Евангелля, якой часта не хапае. “Цяжка даць адказы тады, калі іх ніхто не чакае і калі ніхто не задае пытанняў”, - адзначыў кардынал Паралін.