Прагрэс у працэсе беатыфікацыі Яна Паўла I
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
8 лістапада 2017 г. Францішак дазволіў Кангрэгацыі па справах кананізацыі апублікаваць дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Яна Паўла I. 31 кастрычніка 2019 г. кансультанты-медыкі аднагалосна прагаласавалі за навуковую невытлумачальнасць і пастаянны характар выпадку вылячэння, якое адбылося пасля малітвы да Пантыфіка. 6 мая 2021 г. Кангрэс тэолагаў таксама выказаўся сцвярджальна наконт меркаванага цуду. Канчатковае галасаванне адбудзецца ў кастрычніку ў Кангрэгацыі па справах кананізацыі. Калі кардыналы і біскупы ўхваляць вынікі даследавання, прэфект гэтай дыкастэрыі прадставіць справу Святому Айцу.
Як паведаміла Фаласка, выпадак тычыцца навукова невытлумачальнага вылячэння дзяўчынкі ад сур'ёзнай формы энцэфалапатыі. Ён меў месца ў Аргентыне ў 2011 г. Дадзеныя асобы пакуль не раскрываюцца.
Ян Павел I (1912-1978) быў у 1958-69 гадах біскупам Віторыа Вэнэта, а затым Патрыярхам Венецыі, 5 сакавіка 1973 г. стаў кардыналам. Абраны Папам 26 жніўня 1978 г., ён прыняў імёны двух сваіх папярэднікаў – Яна XXIII і Паўла VI – і стаў першым у гісторыі Біскупам Рыма з двайным імем. Раптоўная смерць насцігла Пантыфіка 28 верасня 1978 г. раніцай, усяго праз 33 дні ад пачатку пантыфікату.
17 чэрвеня 2003 г. Ян Павел II дазволіў адкрыццё працэсу яго беатыфікацыі. Ён пачаўся на ўзроўні дыяцэзіі Белуна 23 лістапада 2003 г. і скончыўся 10 лістапада 2006 г. Дакументы перадалі Кангрэгацыі па справах кананізацыі, якая, пасля іх вывучэння, у лістападзе 2017 г. апублікавала дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Яна Паўла I.