У Ватыкане прайшла прэзентацыя Х Сусветнай сустрэчы сем’яў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум упершыню ў сваёй гісторыі будзе адбывацца дэцэнтралізаваным чынам. У Вечным горадзе Папа сустрэнецца толькі з дэлегатамі ад епіскапатаў, касцёльных рухаў і асацыяцый сем’яў. “Але ў гэтыя самыя дні ўсе сем’і свету змогуць паўдзельнічаць у дыяцэзіяльных сустрэчах, у святочных момантах і св. Імшы, якія кожны біскуп закліканы арганізаваць у сваёй дыяцэзіі”, - нагадаў кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Гаворачы пра рымскую праграму Сусветнай сустрэчы сем’яў, падсакратар гэтай ватыканскай структуры, Габрыэла Гамбіна, заўважыла, што галоўныя падзеі форума пройдуць у ватыканскай Зале Паўла VI. У іх прымуць удзел каля 2000 дэлегатаў. Колькасць прадстаўнікоў ад кожнай краіны будзе прапарцыянальна велічыні епіскапату, ад якога яны будуць скіраваны.
Гамбіна распавяла, што 22 чэрвеня ў прысутнасці Святога Айца адбудзецца Фестываль сем’яў, падчас якога прагучаць сведчанні. Цягам наступных трох дзён будзе праходзіць душпастырскі кангрэс, які будзе ўключаць у сябе цэлебрацыі і эўхарыстычную адарацыю, канферэнцыі і круглыя сталы. Вечарам 25 чэрвеня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Папа ўзначаліць св. Імшу, у якой прымуць удзел не толькі дэлегаты з розных частак свету, але і сем’і Рымскай дыяцэзіі.
У апошні дзень форума, 26 чэрвеня, ва ўсіх дыяцэзіях свету пройдзе заключная св. Імша Сусветнай сустрэчы сем'яў, падчас якой вернікі і душпастыры будуць маліцца разам са сваімі біскупамі. Затым яны змогуць далучыцца да малітвы Анёл Панскі, якую Францішак правядзе на плошчы св. Пятра ў Ватыкане і пасля якой скіруе спецыяльнае пасланне.
Сем’і на ўсіх кантынетах змогуць адчуваць сябе блізкімі, назіраючы за падзеямі, якія будуць праходзіць ў Рыме, праз сучасныя сродкі камунікацыі, - распавёў мансеньёр Вальтэр Інсэра, кіраўнік Аддзелу сацыяльнай камунікацыі Рымскай дыяцэзіі. Ён заўважыў, што галоўныя падзеі форума: Фестываль сем’яў, св. Імша з Папам і заключная малітва Анёл Панскі, будуць трансліравацца ў прамым эфіры на каналах Сустрэчы ў сацыяльных сетках.
Мансеньёр Інсэра нагадаў таксама пра існаванне сайта Сусветнай сустрэчы сем’яў www.romefamily2022.com, на якім будуць змяшчацца візуальныя матэрыялы, катэхезы, інтэрв’ю, сведчанні, гісторыі, парады і ідэі, пакліканыя дапамагчы ў арганізацыі форума на ўзроўні дыяцэзій. Хэштэг для дзялення інфармацыяй на тэму Сусветнай сустрэчы – #wmof22.
“Рымская дыяцэзія прыкладае ўсе намаганні, каб усе сем’і свету, асабліва тыя, якія не змогуць прыбыць у Рым, змаглі паўдзельнічаць у Сустрэчы і перажыць гэты надзвычайны досвед веры”, - падкрэсліў падчас ватыканскай прэзентацыі кардынал Анджэла Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі.
Іерарх распавёў, што адным з аспектаў падрыхтоўкі да форума ў Вечным горадзе стала супрацоўніцтва з дыяцэзіяльным Caritas у справе дапамогі сем’ям, якія перажываюць цяжкасці. У гэтым кантэксце ён узгадаў пра тры дабрачынныя праекты. Першы тычыцца дапамогі бедным сем’ям прадуктамі харчавання, другі – клопату пра маці з дзецьмі, які не маюць даху над галавой, а трэці – падтрымку хворых на Альцгеймер і іх сем’яў.