Пошук

А. Калумбан Рэйхлін А. Калумбан Рэйхлін 

Ватыкан: у Швейцарскай гвардыі – новы капелан

Францішак прызначыў 50-гадовага бэнэдыктынца Калумбана Рэйхліна новым капеланам Папскай швейцарскай гвардыі. Аб гэтым 1 верасня 2021 г. паведамілі епіскапат Швейцарыі і Зала Друку Святога Пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святар пачне выконваць сваё служэнне 1 кастрычніка. Ён зменіць 36-гадовага кс. Томаса Відмэра, які вернецца ў Швейцарыю ў якасці адміністратара парафіі Сэрца Езуса ў Цюрыху-Эрліконе.

Новы духоўны апякун Гвардыі прыйшоў у кляштар бэнэдыктынцаў у Эйнзідэльне ў 1991 г. Вывучаў тэалогію ў Швейцарыі і ЗША. У 1997 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Потым вывучаў літургіку ў Берне, Фрыбургу і Рыме. Пасля вяртання на Радзіму браў удзел у працы касцёльных устаноў, якія займаюцца літургіяй. У 2009-20 гадах а. Рэйхлін быў пробашчам парафіі св. Герольда ў аўстрыйскім Форарльбергу.

Швейцарская гвардыя служыць папам з 1506 г. Яна адказвае за асабістую ахову Святога Айца і кантралюе ўезды ў Ватыкан. Уступіць у яе маюць права швейцарскія католікі ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў.
 

02 верасня 2021, 11:35