Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Click to pray дапаможа Касцёлу з’яднацца ў малітве за Сінод

19 кастрычніка 2021 г. у Ватыкане прайшла прэзентацыя абноўленай анлайн-платформы Click to pray, якая, паводле задумы яе распрацоўшчыкаў, дапаможа вернікам з’яднацца з усім Касцёлам у малітве за Сінод Біскупаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Платформа Click to pray была створана Сусветнай сеткай малітвы ў інтэнцыях Папы ў 2016 г. і на сённяшні дзень налічвае больш за 2,5 млн карыстальнікаў ва ўсім свеце. Яна даступна на вэб-сайце www.clicktopray.org, а таксама ў якасці аднайменных аплетаў для камунікацыйных прыстасаванняў з сістэмай Android і iOS. На платформе размяшчаюцца малітоўныя інтэнцыі Святога Айца на кожны месяц і даецца магчымасць папрасіць аб малітве іншых карыстальнікаў.

Новаўвядзенні, прадстаўленыя ў Ватыкане, тычыліся дапаўнення платформы дзвюма секцыямі: “Школа малітвы”, якая дапаможа паглыбіць веды пра малітву на аснове вучэння Касцёла, і “Малітоўны каляндар”, якая дасць магчымасць карыстальнікам лепш спланаваць форму, інтэнцыі і час сваёй малітвы.

З пачаткам XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая будзе праходзіць з кастрычніка 2021 па кастрычнік 2023 г., анлайн-платформа дапаможа ўсяму Касцёлу з’яднацца ў малітве за сінадальны працэс, прапануючы адмысловыя малітоўныя тэксты, узятыя з ватыканскага сайта www.prayforthesynod.va, які быў распрацаваны Міжнароднай сеткай генеральных настаяцельніц манаскіх супольнасцей у супрацоўніцтве з Генеральным сакратарыятам Сінода Біскупаў і Сусветнай сеткай малітвы ў інтэнцыях Папы.
 

20 кастрычніка 2021, 10:41