Кард. Тагле: св. Юзаф вучыць бараніць людзей, давераных нам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Прыклад св. Юзафа актуальны не толькі для бацькаў, але для ўсіх ахрышчаных, - заўважыў прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў у інтэрв’ю з нагоды 150-годдзя абвяшчэння Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі апекуном Паўсюднага Касцёла.
На думку іерарха, св. Юзаф можа навучыць кожнага верніка быць уважлівым да голасу Бога, асабліва ў моманты цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў; выконваць Божую волю, нават калі яна застаецца не да канца зразумелай; а таксама быць добрымі абаронцамі людзей, які Бог давярае нам.
Каментуючы Апостальскі ліст Францішка Patris corde, кардынал Тагле заўважыў, што ў ім Папа звяртае ўвагу на такі важны аспект постаці св. Юзафа, як прыняцце ім рэчаіснасці. “Прымаць рэальнасць не значыць быць пасіўнымі ці проста талерантнымі перад абліччам нечага. Св. Юзаф прымаў рэальнасць такой, якая яна ёсць, жыў згодна з рэальнасцю, і дзякуючы гэтаму бачыў тое, што Бог ад яго хацеў, каб змяніць гэту рэальнасць”, - сказаў іерарх.
Кардынал Тагле заўважыў, што нярэдка нам, людзям, уласціва не прымаць рэчаіснасць, ідэалізаваць мінулае ці жыць утопіямі, што перашкаджае змяняць сапраўднае жыццё.
Гаворачы пра актуальнасць прыкладу св. Юзафа ў кантэксце Сінода Біскупаў аб сінадальнасці, іерарх нагадаў, што Абраннік Багародзіцы пераадолеў разам з Марыяй і Езусам вельмі небяспечныя шляхі, заўсёды абараняючы іх і наследуючы ўказанні, якія атрымліваў ад Бога. На сінадальным шляху ён можа навучыць любіць і бараніць Езуса і Касцёл, перакананы кардынал Тагле.