Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

На ватыканскай канферэнцыі выпрацуюць рэкамендацыі да саміту G20

У Ватыкане напярэдадні італьянскага саміту G20 распачалася сустрэча экспертаў, палітычных і рэлігійных лідараў. Арганізатарам канферэнцыі выступіла Папская акадэмія сацыяльных навук.

Ян Глінскі - Vatican News

Удзельнікі форуму сабраліся, каб выпрацаваць эфектыўныя метады выйсця з глабальных крызісаў, якія склаліся ў сферы аховы здароўя, экалогіі і эканомікі. Рэкамендацыі, распрацаваныя падчас ватыканскай канферэнцыі, будуць перададзены ўдзельнікам саміту Вялікай дваццаткі, які пачнецца праз тры тыдні ў Рыме.

Дэбаты закрануць пытанне годнасці чалавека падчас пандэміі і кліматычных крызісаў. Удзельнікі будуць разважаць таксама над тым, ці можа непасрэдная фінансавая дапамога насельніцтву аздаравіць Еўропу і прадухіліць працяг крызісу, у якім апынуўся Еўрасаюз, як рэалізаваць аднаўленне эканомікі і “зялёны пераход”.

Сярод удзельнікаў дэбатаў – сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, сястра Алесандра Смерылі, а таксама Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Як сцвярджаюць арганізатары, нельга згаджацца на смерць і хваробу соцень тысяч людзей. Ідэя “жыць з Covid” адмаўляе як евангельскую этыку, так і традыцыю еўрапейскага асветніцтва.

На думку прафесара Рока Буцільёнэ з Папскай акадэміі сацыяльных навук, Еўропу немагчыма вылечыць лакдаўнамі і вакцынацыяй. Пандэмія выкрыла іншыя балячкі, якія існуюць ужо доўгі час і аслабляюць здольнасць Еўропы да пераадолення жыццёвых выклікаў і адказу на змены, якія чакаюць еўрапейцаў, і цяжкасці на шляху да будучыні. “Еўропа хворая, бо страціла сувязь салідарнасці паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі і чалавецтвам”, - падкрэсліў былы Міністр замежных спраў Італіі.

Папская акадэмія сацыяльных навук была заснавана Янам Паўлам ІІ 1 студзеня 1994 г. Мэта ўстановы – паглыбленне і развіццё сацыяльнага вучэння Касцёла.
 

08 кастрычніка 2021, 11:32