Прэм'ер-міністр Францыі ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэта быў першы з 2009 г. афіцыйны візіт французскага прэм'ера ў Ватыкан.
Кастэкс паведаміў, што падчас сустрэчы з Францішкам, сярод іншага, гаворка ішла аб сітуацыі Касцёла ў Францыі пасля нядаўняга дакладу камісіі па расследаванні злоўжыванняў. Паводле яго, Пантыфік мае давер да Касцёла ў Францыі, калі гаворка ідзе пра высновы з дакладу, і ён задаволены тым, што рэакцыяй Касцёла не стала адмаўленне фактаў.
Пасля размовы з Пантыфікам кіраўнік французскага ўрада перакананы, што Касцёл не зменіць падыходу да таямніцы споведзі. Але палітык працягвае настойваць на неабходнасці пошуку шляхоў і спосабаў, каб сумясціць гэта з крымінальным заканадаўствам і правам ахвяр злоўжыванняў. Нагадаем, што адмова ад таямніцы споведзі ў выпадках сексуальнага насілля была адным з пастулатаў французскай спецкамісіі.
Папская аўдыенцыя для прэм'ер-міністра доўжылася 35 хвілін. Падчас традыцыйнага абмену падарункамі Францішак уручыў Жану Кастэксу мазаіку з выявай вінаградараў, а таксама тэксты свайго Паслання да сёлетняга Сусветнага дня міру і Дакумента аб чалавечым братэрстве. Кіраўнік французскага ўрада падарыў Папу арыгінал выдання рамана Віктора Гюго Нотр-Дам дэ Пары з 1836 г., футболку з аўтографам аргентынскага футбаліста Ліянэля Мэсі, які ў гэтым годзе далучыўся да клуба Пары-Сэн-Жэрмэн, а таксама французскія цукеркі, якія папрасіў перадаць бедным.
Пасля аўдыенцыі прэм’ер наведаў катэдру св. Пятра і Сікстынскую капэлу.