Сусветны дзень місій з увагай да ролі жанчын у жыцці Касцёла
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Чым больш мы дзелімся з іншымі дарам Хрыста, тым мацнейшай становіцца наша вера; а калі захоўваем веру для нас саміх, тады яна слабне”, - заўважыў падчас прэс-канферэнцыі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы кардынал Луіс Антоніа Тагле, прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў.
Сакратар гэтай ватыканскай дыкастэрыі, арцыбіскуп Джанп’ера Даль Тоза, распавёў, што на 2022 г. прыпадае шэраг важных юбілеяў, звязаных з місійнай дзейнасцю Касцёла: у першую чаргу гаворка ідзе пра 400-годдзе Кангрэгацыі евангелізацыі народаў і 200-годдзе Папскіх місійных ініцыятыў – арганізацыі, заснаванай францужанкай Палін Жарыко.
На думку іерарха, сёлетні Сусветны дзень місій з’яўляецца цудоўнай нагодай для таго, каб звярнуць увагу на постаць гэтай верніцы, якая будзе беатыфікавана 22 мая 2022 г. у Ліёне. “Гэта ўрачыстасць павінна нагадаць нам пра ролю жанчын у Касцёле і вялізарны ўплыў, якія яны мелі на Папскія місійныя ініцыятывы ад самага пачатку”, - сказаў ён.
“Палін Жарыко была вялікай місіянеркай. Шматлікія ініцыятывы, якім яна дала жыццё, мелі на мэце евангелізацыю французаў і падтрымку місійнай дзейнасці ў перыяд моцнай дэхрысціянізацыі, якая пачалася пасля Французскай рэвалюцыі. Яна дала пачатак сапраўднаму місійнаму руху, які стаў вельмі вядомым дзякуючы сваёй прастаце. Яе ўклад у развіццё місійнай дзейнасці ў ХІХ і ХХ стст. з’яўляецца ключавым, бо яе ініцыятывы заахвочвалі звычайных вернікаў і дапамагалі ім зразумець, што яны таксама з’яўляюцца місіянерамі”, - заўважыў арцыбіскуп Даль Тоза.