Пошук

2020.10.01-Premio-Ratzinger2.jpg

Святы Айцец уручыць Прэмію Ратцынгера за 2021 г.

13 лістапада 2021 г. у Клеменцінскай зале Апостальскага палаца Францішак уручыць Прэмію Ратцынгера за 2021 г. двум нямецкім навукоўцам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Першым лаўрэатам стала прафесар Ханна-Барбара Герль-Фалькавіц, вядомая даследчыца спадчыны Эдыт Штайн і Рамана Гуардзіні. Яна ўваходзіць у кіраўнічы склад Еўрапейскага інстытута філасофіі і рэлігіі, які дзейнічае пры Вышэйшай філасофска-тэалагічнай школе імя Бэнэдыкта XVI у Хайлігенкройц, і з’яўляецца ганаровым прафесарам філасофіі рэлігій і параўнальных рэлігійных навук у Дрэздэнскім універсітэце, дзе і выкладала з 1993 па 2011 гг.

Яшчэ адзін сёлетні лаўрэат, прафесар Людгер Швіенхорст-Шонбергер, лічыцца адным з вядучых знаўцаў Кнігі Мудрасці і Песні Песень. З 1993 г. ён выкладаў экзегезу Старога Запавету і яўрэйскую мову ва Універсітэце Пасаў. З 2007 г. з’яўляецца выкладчыкам Старога Запавету Венскага ўніверсітэта.

Падчас урачыстай цырымоніі ў Апостальскім палацы будзе ўручана Прэмія Ратцынгера і за 2020 г. (год таму ўручэнне не адбылося з прычыны пандэміі). З рук Францішка яе атрымаюць французскі філосаф і тэолаг Жан-Люк Марыён і аўстралійская даследчыца спадчыны Бэнэдыкта XVI Трэйсі Роўланд.

Прэмію Ратцынгера прысудзілі сёлета ўжо ў адзінаццаты раз. Яна ўручаецца за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Эксперты называюць яе Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі. Ініцыятарам узнагароды з’яўляецца Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – папы Бэнэдыкта XVI. Яго стварыў сам Пантыфік і ахвяраваў у яго даходы ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Падтрымліваюць Фонд і дабрачынцы.
 

01 кастрычніка 2021, 12:12