Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: абараніць сацыяльныя сеткі ад гандляроў людзьмі

Апостальская Сталіца заклікае “прыкласці ўсе намаганні, накіраваныя на тое, каб сацыяльныя сеткі не выкарыстоўваліся для павелічэння колькасці ахвяр” гандлю людзьмі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пастаянная місія Апостальскай Сталіцы пры міжнародных арганізацыях у Вене скіравала спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў пасяджэння Мэтавай групы ААН па барацьбе з гандлем людзьмі, якое 12-13 кастрычніка 2021 г. прайшло ў сталіцы Аўстрыі.

Ватыканская дэлегацыя звярнула ўвагу на шырокае выкарыстанне камунікацыйных тэхналогій у сферы гандлю людзьмі, які ва ўмовах пандэміі стаў другім па прыбытковасці відам злачыннай дзейнасці ў свеце, апярэдзіўшы нелегальны гандль зброяй.

Прадстаўнікі Святога Пасаду нагадалі пра вялікую ўвагу Папы да праблемы гандлю людзьмі і заклікалі змагацца з рознымі формамі гэтай ганебнай з’явы, не дапускаючы выкарыстання сацыяльных камунікацыйных тэхналогій для прываблівання, зняволення і выкарыстання ахвяр.

Апостальская Сталіца прапанавала “ўстанавіць на міжнародным узроўні механізм, які дапамагаў бы дзяржавам ідэнтыфікаваць злачыннае выкарыстанне новых сацыяльных медыя і іншых сродкаў камунікацыі”, прыняць адпаведныя нормы на дзяржаўным узроўні і ўзяць на сябе цвёрдае абавязацельства пераследаваць злачынцаў.

Міжнароднае супрацоўніцтва павінна тычыцца таксама правядзення фінансавых расследаванняў з мэтай канфіскацыі прыбыткаў, атрыманых ад злачыннай дзейнасці, якія могуць быць ахвяраваны на праграмы дапамогі ахвярам гандлю людзьмі, і накладання штрафаў на безадказных пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг.
 

14 кастрычніка 2021, 09:46