Пошук

Францішак і Джо Байдэн у Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Францішак і Джо Байдэн у Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота 

ЗША: Прэзідэнт Байдэн вылучыў пасла пры Святым Пасадзе

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн вылучыў паслом пры Святым Пасадзе 66-гадовага Джозэфа Донэлі. Яго кандыдатура яшчэ не зацверджана Сенатам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Донэлі выказаў задавальненне прапановай Прэзідэнта. “Я буду вельмі рады, калі мяне зацвердзяць. З нецярпеннем чакаю супрацоўніцтва са Святым Пасадам па шырокім спектры пытанняў, такіх як правы чалавека, свабода веравызнання, міграцыя, змяненне клімату, мір і беднасць”, - адзначыў палітык.

Дэмакрат Джозэф Донэлі быў сенатарам ад Індыяны з 2013 г. па 2019 г., а раней працаваў ад гэтага штата ў Палаце прадстаўнікоў. Пасля няўдалых выбараў выпускнік юрыдычнага факультэта і ірландскі католік стаў партнёрам у адной з вашынгтонскіх юрыдычных фірм і выкладчыкам ва ўніверсітэце Нотр-Дам. Падчас апошняй прэзідэнцкай кампаніі ён выступаў за Байдэна як прыхільнік групы Catholics.

У пасольстве ЗША пры Святым Пасадзе Донэлі, калі яго зацвердзіць Сенат, зменіць Калісту Гінгрыч, якая займала пасаду з канца 2017 г. па студзень 2021 г. З таго часу і да прызначэння новага пасла місіяй ЗША кіруе Патрык Конэл.
 

12 кастрычніка 2021, 12:44