Пошук

Дэйл Расінэла падчас сустрэчы з Францішкам. Ілюстрацыйнае фота Дэйл Расінэла падчас сустрэчы з Францішкам. Ілюстрацыйнае фота 

Узнагарода Святога Пасаду для капелана асуджаных на смерць

Папская акадэмія жыцця ўзнагародзіла свецкага капелана асуджаных да смяротнага пакарання на Фларыдзе. Шмат гадоў Дэйл Расінэла суправаджае зняволеных і рыхтуе іншых капеланаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Апякун жыцця” – найвышэйшая ўзнагарода Папскай акадэміі. Расінэла ўспрыняў яе ў якасці “дэкларацыі Касцёла, што жыццё зняволеных, якія чакаюць выканання смяротнага прысуду, па-ранейшаму для яго важнае". У інтэрв'ю National Catholic Register ён падкрэсліў, што часта сустракаў зняволеных, якія заяўлялі пра гатоўнасць прыняць каталіцкую веру незадоўга да смерці. На пытанне аб прычынах гэтага рашэння яны адказвалі: "таму што гэта Касцёл, якому я патрэбны".

Да сярэдзіны 1980-х гадоў мужчына працаваў юрыстам у паспяховай юрыдычнай фірме. Нягледзячы на тое, што кар'ера развівалася бліскуча, Расінэла зразумеў, што не хоча марнаваць сваё жыццё толькі дзеля заробку. Разам з жонкай ён стаў удзельнічаць у дапамозе бяздомным і атрымаў сертыфікат, неабходны для працы з людзьмі, хворымі на СНІД. Гэта прывяло яго ў турму, дзе пачаў дапамагаць цяжкахворым. Пасля пераезду ў невялікі гарадок Маклэні, у штаце Фларыда, ён пачаў працаваць у дзяржаўнай турме, у якой размяшчаліся камеры смяротнікаў. Так пачалося яго суправаджэнне людзей, асуджаных за самыя цяжкія злачынствы.

Шматгадовы вопыт Дэйла паказаў, наколькі несправядлівым можа быць смяротнае пакаранне, асабліва ў адносінах да расавых меншасцей і бедных, якія не маюць магчымасці абскардзіць прысуд. Ён прызнаўся, што яго служэнне ў камерах смяротнікаў прывяло да шматлікіх сяброўскіх адносін і шматлікіх выпадкаў навяртання зняволеных.
 

04 кастрычніка 2021, 11:40