Новы кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Італьянскі святар нарадзіўся 1 лістапада 1965 г. у Лацэтэ у вобласці Ламбардыя. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1991 г. У 2000 г. абараніў дыпломную працу па педагогіцы ў Папскім салезіянскім універсітэце, а ў 2010 г. – дактарат па Святой літургіі ў Папскім літургічным інстытуце св. Анзельма ў Рыме.
У 1998 г. святар пачаў служыць у Апостальскай элемазінарыі ў Ватыкане, дзе ў 2013 г. стаў кіраўніком аддзела. Пасля супрацоўніцтва са Службай папскіх літургічных цэлебрацый у якасці памочніка цырымонімайстра, у 2006 г. быў прызначаны Папскім цырымонімайстрам.
Мансеньёр Дыега Джавані Равэлі змяніў на пасадзе старшыні Службы папскіх літургічных цэлебрацый і кіраўніка Папскай музычнай капэлы біскупа Гвіда Марыні, які 29 жніўня 2021 г. быў прызначаны пастырам дыяцэзіі Тартона ў Генуэзскай мітраполіі.