Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новыя дэкрэты Кангрэгацыі па справах кананізацыі

25 лістапада 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, кардынала Марчэла Сэмерара, і ўхваліў дэкрэты, падрыхтаваныя гэтай ватыканскай дыкастэрыяй.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Першыя два дэкрэты тычыліся пацвярджэння цудаў, здзейсненых праз заступніцтва двух благаслаўлёных: галандскага кармеліта Ціта Брандсма (1881-1942), свецкае імя якога Ано Шурд, забітага з нянавісці да веры ў нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры Дахаў; і італьянскай законніцы Марыі ад Езуса (1852-1923), свецкае імя якой Караліна Сантаканале, заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Капуцынак Беззаганнай з Лурда.

Адзін з дэкрэтаў тычыўся прызнання мучаніцтва французскіх законнікаў, забітых з нянавісці да веры 26 мая 1871 г. падчас Парыжскай камуны: Анры Планша з манаскай кангрэгацыі Вінцэнта дэ Поля, Ладыслава Радзіга і трох яго паплечнікаў з кангрэгацыі Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі і Няспыннай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта.

Францішак ухваліў таксама дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў: італьянскага біскупа Антоніа Бэла (1935-1993), пастыра дыяцэзіі Мальфэта-Рува-Джавінацца-Тэрліцы; іспанскага кармеліта Хуана ад Езуса-Марыі (1564-1615), свецкае імя якога Хуан дэ Сан-Пэдра-і-Устарос; італьянскага святара Джорджа Гузэты (1682-1756) з Канфедэрацыі араторыя св. Філіпа Неры; італьянскай законніцы Наталіны Банардзі (1864-1945), свецкае імя якой Марыя, заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Марыі Ларэтанскай; італьянскай законніцы Марыі Дазітэі Банаці (1896-1970), свецкае імя якой Марыя Даменіка, генеральнай настаяцельніцы кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Беззаганнай Панны Марыі; і бразільскай свецкай верніцы Адэт Відаль Кардосы (1931-1939).
 

25 лістапада 2021, 13:25