Папская рада па культуры збірае даследчыкаў творчасці Дантэ
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У форуме, арганізаваным з нагоды 700-годдзя з дня смерці Дантэ Аліг’еры, прымуць удзел вучоныя з розных краін свету, вядомыя навуковай супольнасці сваімі грунтоўнымі даследаваннямі ў галіне філасофіі, тэалогіі, экзегетыкі, гісторыі, гісторыі мастацтва, лінгвістыкі і філалогіі.
Канферэнцыя будзе падзелена на тры сесіі, накіраваныя на асвятленне трох тэм, прысутных у старажытнай традыцыі, у якой творчасць Дантэ бярэ свае карані: боганатхнёнага бачання, уваскрашэння памерлых напрыканцы часоў і анёлалогіі. У перапынках паміж навуковымі дыскусіямі акцёры рымскага Teatro Libero di Rebibbia прачытаюць некаторыя ўрыўкі “Боскай камедыі” геніяльнага італьянца.
Канферэнцыя была арганізавана Папскай радай па культуры ў супрацоўніцтве з рымскім універсітэтам Roma Tre, Папскай навуковай камісіяй па святкаванні 700-годдзя з дня смерці Дантэ Аліг’еры, Фондам па ахове касцёльнай спадчыны і падтрымцы яго культурнай і мастацкай дзейнасці і Фондам імя Джанкарла Палавічыні.