Святы Пасад да сікхаў: культура клопату – лек ад хвароб сучаснасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У віншавальным пасланні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу галоўны акцэнт зроблены на важнасці прасоўвання “культуры клопату”, як леку ад хвароб сучаснасці, прасякнутай індывідуалізмам і раўнадушшам. “Нам трэба дзейнічаць так, каб клопат пра нашых суседзяў і пра наш супольны дом стаў паўсюднай культурай і ладам жыцця паасобных людзей”, - адзначаецца ў дакуменце.
Падкрэсліваецца, што “культура клопату” бярэ свой пачатак у дзеяннях, накіраваных на абарону чалавечай годнасці, у салідарнасці з беднымі і безабароннымі, у імкненні да агульнага дабра і ахове навакольнага асяроддзя. Яна можа стаць каштоўным рэсурсам для чалавецтва, бо арыентавана на эфектыўнае выкарыстанне вынаходлівасці людзей і грамадстваў на карысць экалагічнай бяспекі і годнага жыцця для ўсіх.
Святы Пасад звярнуў увагу на важную ролю адукацыі і СМІ ў прасоўванні “культуры клопату”. У сваю чаргу рэлігійныя лідары павінны нагадваць пра непарыўную сувязь паміж Богам, людзьмі і стварэннем, а таксама пра духоўнае заданне клопату пра прыроду і бліжніх.
“Як вернікі, укаранёныя ў сваіх рэлігійных перакананнях, і як людзі, што маюць супольныя хваляванні і адказнасць за нашых бліжніх і за планету, мы, хрысціяне і сікхі, паасобна і як супольнасці, разам з вызнаўцамі іншых рэлігійных традыцый і людзьмі добрай волі, давайце зробім усё, што ў нашых сілах, каб клапаціцца адзін пра аднаго, пра наш супольны дом і пра ўсё стварэнне”, - гаворыцца напрыканцы паслання.