Пошук

Папа падчас экуменічнай малітвы з удзелам мігрантаў Папа падчас экуменічнай малітвы з удзелам мігрантаў 

Папа да мігрантаў: няхай Бог абудзіць сумленні людзей!

Не апускаць рукі перад абліччам падзеленага свету, падзеленых хрысціянскіх супольнасцей, але крочыць праз гісторыю, ідучы за марай Бога пра чалавецтва без муроў, якія раздзяляюць, - заклікаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Апошнім этапа пілігрымкі Францішка на Кіпр стала экуменічнага малітва з удзелам мігрантаў. Яна адбылася 3 cнежня 2021 г. у касцёле Святога Крыжа ў Нікасіі. Напачатку сустрэчы Пантыфік выслухаў сведчанні мігрантаў з Шры-Ланкі, Камеруна, Ірака і Конга, назваўшы іх ““люстэркам” для нас, хрысціянскіх супольнацей”.

Святы Айцец падкрэсліў, што мігранты – гэта не лічбы, а людзі: браты, сябры, вернікі, блізкія. Ён заўважыў, што, на жаль нянавісць “забруджвае” не толькі адносіны да мігрантаў, але таксама і адносіны паміж хрысціянамі, пакідаючы глыбокія раны. Гаворка ідзе пра атруту, якую складана вывесці, пра скажоную ментальнасць, якая бачыць у іншым не брата, а ворага.

Папа нагадаў, што хрысціяне розных канфесій пастаянна знаходзяцца на дарозе “ад канфлікта да адзінства”. “На гэтым шляху, які доўгі і складаецца з пад’ёмаў і спускаў, мы павінны баяцца не столькі адрозненняў, што існуюць паміж намі, а нашай закрытасць і забабонаў, якія перашкаджаюць па-сапраўднаму сустрэцца і ісці разам”, - сцвердзіў Святы Айцец, нагадваючы, што Хрыстус знішчыў муры падзелаў і варожасці, а шлях да еднасці будзе паспяховым у залежнасці ад таго, наколькі будзем скіроўваць позірк да Яго.

Пантыфік заўважыў, што Бог заклікае не апускаць рукі перад абліччам падзеленага свету, падзеленых хрысціянскіх супольнасцей, але крочыць праз гісторыю, ідучы за марай Бога пра чалавецтва без муроў, што раздзяляюць, вызваленае ад варожасці, у якім больш няма чужынцаў, а ўсе з’яўляюцца суграмадзянамі.

“Няхай гэты востраў, пазначаны балючым падзелам, стане, дзякуючы Божай ласцы, майстэрняй братэрства”, - пажадаў Святы Айцец, адзначаючы, што для гэтага патрэбна дзве ўмовы: павага да чалавечай годнасці і адкрытасць на Бога.

“Пры гэтых умовах магчыма, каб мара ператварылася ў штодзённае падарожжа, што складаецца з канкрэтных крокаў ад канфлікту да адзінства, ад нянавісці да любові. Гэта цярплівы шлях, які, дзень за днём, дазваляе ўваходзіць у зямлю, якую Бог падрыхтаваў для нас, зямлю, у якой, калі цябе спытаюць: “Хто ты?”, можаш з адкрытым тварам адказаць: “Я твой брат”, - сказаў Францішак.

Напрыканцы сустрэчы Францішак узгадаў пра шматлікіх мігрантаў, якія становяцца ахвярамі злоўжыванняў і сучаснага рабства. Папа параўнаў пакуты мігрантаў у лагерах з тым, што адбывалася нацысцкіх і сталінскіх лагерах, а таксама звярнуў увагу на “бар’еры нянавісці” – сцены “калючага дроту”, выказваючы пажаданне, каб Пан абудзіў сумленне ўсіх перад абліччам гэтых праблем.
 

03 снежня 2021, 18:26