Папскі прапаведнік нагадаў пра ўсеагульнае братэрства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Кардынал Раньера Канталамеса нагадаў, што праз сакрамэнт хросту хрысціяне нараджаюцца нанава ад Бога. Пра гэта вельмі важна памятаць для таго, каб заўсёды ўсведамляць братэрства з іншымі людзьмі. Той факт, што мы паходзім ад Бога, павінен выклікаць у вернікаў захапленне і здзіўленне, параўнальнае з тым, якое можа ўзнікнуць ад усведамлення прысутнасці Бога ў Эўхарыстыі, - дадаў ён.
“Як зрабіць магчымым гэты якасны пераход ад веры да здзіўлення тым фактам, што з’яўляемся Божымі дзецьмі? – Першы адказ – Божае слова!”, - сказаў прапаведнік, заклікаючы да частага чытання Бібліі і разважання над ёй. Іншая парада – малітва.
Усё гэта дапаможа ўсведамляць годнасць не толькі ўласную, але і іншых людзей, якія таксама з’яўляюцца дзецьмі Бога – стварыцеля ўсяго чалавецтва. “Для нас, хрысціян, чалавечае братэрства мае сваю галоўную прычыну ў тым, што Бог – Айцец усіх, што мы ўсе з’яўляемся сынамі і дочкамі Бога і таму з’яўляемся братамі і сёстрамі паміж намі. Не можа быць повязі, мацнейшай за гэту”, - сказаў прапаведнік, падкрэсліваючы, што яна павінна стаць для хрысціян стымулам у прасоўванні ўсеагульнага братэрства.