Пошук

Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Кардынал Дзяржсакратар: эмбрыёны – новая катэгорыя сірот

Сапраўдная ўлада з’яўляецца служэннем, асабліва самым слабым – да гэтага пакліканы кіраўнікі і заканадаўцы, а юрысты дапамагаюць ім лепш выконваць свае функцыі, - адзначыў Дзяржсакратар Яго Святасці.

Ян Глінскі - Vatican News

Кардынал П’етра Паралін запісаў відэапасланне да ўдзельнікаў 70-га Навуковага кангрэса Саюза каталіцкіх юрыстаў у Італіі. Ён засяродзіўся на тэме форума, прысвечанага абароне самых слабых суб’ектаў грамадства. Іерарх нагадаў, што ўжо ў Старым Запавеце гучыць заклік абараняць удоў, сірот і чужаземцаў.

Па словах ватыканскага іерарха, катэгорыя сірот сёння набыла новае аблічча. Сярод іх таксама тыя, якія “былі пакліканы да жыцця па-за натуральным і стабільным саюзам мужчыны і жанчыны, а ў выніку шэрагу падзей апынуліся ў свеце без бацькоў або жывуць у халоднай рэальнасці прабіркі”.

Кардынал Паралін з жалем зазначыў, што развіццё прававой і сацыяльнай сістэм, якія дапамагаюць абараняць слабых, ніколі не ў стане дасягнуць гэтага цалкам. Хаця б таму, што эвалюцыя грамадства непазбежна вядзе да ўзнікнення новых сітуацый патрэб і няпэўнасці.
 

10 снежня 2021, 11:19