Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: адказы на сумневы адносна выкарыстання vetus ordo

Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў апублікавала адобраныя Папам адказы на сумневы (dubia), дасланыя біскупамі адносна motu proprio Traditionis custodes.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папскі дакумент, абнародаваны ў ліпені 2021 года, зацвердзіў новыя нормы ў дачыненні да выкарыстання так званага vetus ordo missæ.

Першае пытанне датычыць магчымасці служыць паводле перадсаборнага абраду ў парафіяльным касцёле ў тым выпадку, калі адсутнічае магчымасць знайсці асобны храм для групы вернікаў, якія выкарыстоўваюць імшал 1962 года. У responsa даецца сцвярджальны адказ, але гэта можа адбыцца толькі ў выпадку, калі сапраўды не існуе магчымасці выкарыстання іншага касцёла, калі гэтая Імша не ўключана ў звычайны парафіяльны расклад і калі не супадае з іншымі душпастырскімі ініцыятывамі ў парафіі.

Яшчэ адно пытанне тычыцца цэлебрацыі паводле старажытнага абраду не толькі Эўхарыстыі, але і іншых сакрамэнтаў паводле старажытных літургічных кніг. На гэтае пытанне даецца адмоўны адказ. Аднак ёсць выключэнні. Такія тэксты могуць па-ранейшаму выкарыстоўвацца ў раней “кананічна заснаваных персанальных парафіях”.

Наступны сумнеў, выказаны біскупамі, датычыць магчымасці працягваць выкарыстоўваць “стары” імшал тымі святарамі, якія не прызнаюць рэчаіснасць і законнасць канцэлебрацыі, адмаўляючыся саслужыць, у прыватнасці, падчас Імшы ў Вялікі чацвер. Адказ адмоўны, аднак, перш чым адмовіць святару ў такой магчымасці, біскуп абавязаны правесці з ім “братэрскую гутарку” і пераканацца, што адмова святара не выключае рэчаіснасці і законнасці літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабора і настаўніцтва Рымскіх Пантыфікаў. Дыяцэзіяльны іерарх павінен даць святару неабходны час для разважання, запрашаючы яго да канцэлебрацыі.

На пытанне аб тым, ці можна падчас Імшы паводле старажытнага абраду карыстацца поўным тэкстам Бібліі, выбіраючы з яе часткі, указаныя імшалам 1962 года, Апостальская Сталіца дае сцвярджальны адказ. Разам з тым нельга публікаваць лекцыянарыі з цыклам чытанняў, прадугледжаных перадсаборным імшалам.

Наступнае пытанне адносіцца да кансультацыі са Святым Пасадам у тым выпадку, калі святар, які атрымаў пасвячэнне пасля 16 ліпеня 2021 года, просіць даць яму дазвол служыць паводле перадсаборнага абраду. У адказе гаворыцца, што застаецца неабходнасць такой кансультацыі. Таксама Кангрэгацыя заклікае ўсіх выкладчыкаў семінарый настаўляць будучых дыяканаў і прэзбітэраў у разуменні і ўсведамленні багацця літургічнай рэформы.

На пытанне аб тым, ці можа біскуп ухваліць выкарыстанне “старога” імшала на абмежаваны тэрмін, пакідаючы за сабой права далейшай верыфікацыі, Апостальская Сталіца дае сцвярджальны адказ. У адказе на іншы dubium гаворыцца таксама, што ў выпадку адсутнасці ўхваленага святара той, хто яго замяняе, не можа служыць па імшале 1962 года без фармальнага дазволу біскупа, які таксама патрэбны дыяканам і іншым пастаўленым служыцелям, якія ўдзельнічаюць у такой Імшы.

Яшчэ два пытанні датычацца дзвюх Імшаў па буднях. Пробашч або капелан, які цэлебруе Эўхарыстыю згодна з “новым” абрадам, не можа ў той жа дзень цэлебраваць Імшу паводле vetus ordo – ні з народам, ні ў прыватным парадку. Цэлебрацыя дзвюх Імшаў у будні дапускаецца толькі па душпастырскіх прычыных, якія тут адсутнічаюць, паколькі ў вернікаў ёсць магчымасць удзельнічаць у Імшы паводле звычайнага абраду.

Адмоўны адказ даецца таксама на пытанне аб тым, ці можа святар служыць двойчы паводле перадсаборнага абраду для дзвюх розных груп вернікаў. Сцвярджаецца, што гэта не падпадае пад душпастырскія прычыны, паколькі другая група можа ўдзельнічаць у Імшы паводле звычайнага абраду.

Traditionis custodes – Апостальскі ліст Францішка, апублікаваны ў форме motu proprio 16 ліпеня 2021 г. аб выкарыстанні рымскай літургіі да рэформы 1970 года. Ён здымае некаторыя саступкі на карысць выкарыстання Рымскага імшала 1962 года, дадзеныя Бэнэдыктам XVI у Апостальскім лісце Summorum Pontificum ад 7 ліпеня 2007 года. Motu proprio Францішка суправаджаецца лістом да біскупаў усяго свету з тлумачэннем прычын, якія прывялі да прыняцця рашэння аб яго публікацыі.
 

18 снежня 2021, 13:14