Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: штучны інтэлект павінен служыць мірным мэтам

Апостальская Сталіца прапануе стварыць міжнародную арганізацыю, якая будзе скіроўваць выкарыстанне штучнага інтэлекту на мірныя, а не ваенныя мэты.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Лепшым шляхам да міжнароднай бяспекі і міру з’яўляецца развіццё культуры дыялогу і супрацоўніцтва, а не гонка ўзбраенняў, у якой, самы высокі кошт плаціць грамадзянскае насельніцтва, - падкрэсліў мансеньёр Джон Путцэр, Часовы павераны ў справах Місіі пастаяннага назіральніка Святога Пасаду ў ААН.

Ватыканскі дыпламат узначаліў дэлегацыю Апостальскай Сталіцы на VI Канферэнцыі па пераглядзе Канвенцыі аб забароне ці абмежаванні выкарыстання звычайнай зброі, якая праходзіць 13-17 снежня 2021 года ў Жэневе.

Мансеньёр Путцэр выказаў занепакоенасць пагрозамі, якія ствараюць для мясцовага насельніцтва рэшткі ўжывання выбуховых узбраенняў, нелегальны гандль лёгкай і малакалібернай зброі, а таксама назапашванне ўзбраенняў, асабліва “масавага знішчэння”. На яго думку, неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб імкнуцца да ўсеагульнага і поўнага раззбраення пад строгім і эфектыўным міжнародным кантролем.

Дыпламат закрануў таксама пытанне выкарыстання робатаў-салдат, якое “выклікае заклапочанасць як этычнага, так і юрыдычнага характар”у. Забеспячэнне належнага чалавечага нагляду над сістэмамі такіх узбраенняў з’яўляецца імператывам, бо “толькі людзі здольныя бачыць вынік сваіх учынкаў і разумець прычынна-выніковыя сувязі”, - адзначыў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў пажаданне, каб акрамя ўвядзення мараторыя на развіццё і ўжыванне аўтаномных сістэм узбраенняў, да часу ўрэгулявання гэтага пытання, была таксама створана міжнародная арганізацыя па пытаннях штучнага інтэлекту, каб аблегчыць і гарантаваць права ўсіх дзяржаў на ўдзел у абмене навуковай і тэхнічнай інфармацыяй для мірнага выкарыстання штучнага інтэлекту на карысць усёй чалавечай сям’і. Асабліва ў кантэксце пандэміі важна паставіць тэхналогіі на службу інтэгральнаму развіццю і вырашэнню актуальных праблем, - сцвердзіў мансеньёр Джон Путцэр.
 

16 снежня 2021, 10:35