Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: напады на хрысціян ужо не маргінальная з'ява

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) выказаў занепакоенасць павелічэннем колькасці злачынстваў супраць рэлігійных людзей і месцаў культу.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Тэрарыстычныя напады, злачынствы з нянавісці да веры і іншыя праявы адсутнасці цярпімасці ў адносінах да касцёлаў, сінагог, мячэцяў, могілак і іншых месцаў рэлігійнага культу адбываюцца ўсё часцей, а антыхрысціянскія злачынствы перасталі быць маргінальнай з’явай, - заўважыў кс. Януш Урбанчык на пасяджэнні Пастаяннай рады АБСЕ, якое прайшло 10 снежня 2021 г. у Вене.

Дыпламат падкрэсліў, што людзі, якія жадаюць жыць і дзейнічаць паводле сумлення, натхняючыся рэлігійнымі перакананнямі, сустракаюцца з ростам нецярпімасці і дыскрымінацыі. Гэтаму спрыяе пашырэнне негатыўных стэрэатыпаў адносна веры і меркаванне, што рэлігійна матываваныя паводзіны не павінны мець месца ў сучасным грамадства. “Часта ігнаруецца той факт, што рэлігія можа быць станоўчым і стабілізуючым фактарам у нашых дэмакратыях”, - дадаў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду пры АБСЕ крытычна адзначыў той факт, што тэрмін “меншасць” часта памылкова выкарыстоўваецца як сінонім слова “ахвяра”. Святар падкрэсліў, што ахвярай злачынстваў на глебе нянавісці можа быць таксама і група, якая складае большасць у грамадстве. У якасці прыкладу ён прывёў хрысціянскія супольнасці Еўропы, якія хоць і з’яўляюцца найбуйнейшымі рэлігійнымі групамі на кантыненце, але часта становяцца ахвярамі злачынстваў і дыскрымінацыі.

Кс. Урбанчык агучыў заклік Апостальскай Сталіцы адносна таго, каб удзялялася роўная ўвага ўсім формам рэлігійнай нецярпімасці і дыскрымінацыі, незалежна ад статуса меншасці ці большасці, да якой адносіцца асоба ці група, без частковага ці выбарачнага падыходу.

11 снежня 2021, 10:22