Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане ўзнагародзяць папулярызатараў сацыяльнага вучэння

У Ватыкане адбудзецца ўручэнне прэміі міжнароднага конкурса “Эканоміка і грамадства”, які ўжо ў пяты раз праводзіцца Фондам Centesimus Annus – Pro Pontifice.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Узнагароды атрымаюць ірландскі езуіт, кс. Патрык Рыадан, выкладчык Оксфардскага ўніверсітэта, за кнігу Адшуканне агульнага дабра (Recovering Common Goods), а таксама прафесар маральнай тэалогіі Камільяскага папскага ўніверсітэта ў Мардыдзе Хаймэ Татай за кнігу Інтэгральная экалогія. Каталіцкае разуменне праблемы ўстойлівасці. Ад 1891 (Rerum Novarum) да 2015 гг. (Laudato si’). Яны сталі пераможцамі ў намінацыі “Публікацыі аб сацыяльным вучэнні”.

Цырымонія пройдзе вечарам 16 снежня 2021 г. у ватыканскім Палацы Канцэлярыі. Яе ўзначаліць кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы. Уступнае слова скажа Анна Марыя Тарантола старшыня Фонда Centesimus Annus – Pro Pontifice. Нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, прадставіць кнігі, якія перамаглі ў конкурсе, а з прамовай аб значэнні прэміі выступіць кардынал Сільва Марыя Тамазі, Папскі спецыяльны дэлегат пры Суверэнным Мальтыйскім Ордэне.

Лаўрэаты прэміі Фонда Centesimus Annus – Pro Pontifice атрымліваюць па 20 тыс. еўра. Конкурс праводзіцца кожныя два гады. У ім перамагаюць працы, якія вылучаюцца арыгінальным укладам у паглыбленне і выкарыстанне сацыяльнага вучэння Касцёла, маюць прызнаную дактрынальную грунтоўнасць, а таксама зразумелыя для шырокай публікі.
 

14 снежня 2021, 12:01