Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскія педыятры: вакцынацыя – самы надзейны выбар

Педыятры клінікі Bambino Gesù адказалі на пытанні і сумневы бацькоў адносна вакцынацыі дзяцей. У Ватыкане пачалася кампанія па вакцынацыі ад COVID-19 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 11 гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адказы апублікаваны ў новым выпуску лічбавага выдання бальніцы “У школе здароўя”. “Вакцынацыя – гэта самы надзейны выбар для дзяцей і для ўсіх членаў сям'і”, - тлумачаць медыкі. Яны адзначаюць, што вакцынацыя ад COVID-19 абараняе дзяцей ад віруса і перш за ўсё ад хваробы, якая можа быць ім выклікана. Хоць падлеткі хварэюць не так часта, як дарослыя, гэта ўсё ж можа здарыцца, нават у цяжкай форме. Яны таксама могуць перадаваць вірус іншым. Урачы нагадалі, што надзейнасць і эфектыўнасць вакцыны была ўважліва вывучана падчас даследаванняў для ўзроставай катэгорыі 5-11 гадоў.

Далей спецыялісты падрабязна тлумачаць, як дзейнічае новая вакцына і да чаго можа прывесці захворванне, выкліканае каронавірусам, у дзяцей; расказваюць аб ролі падлеткаў у дасягненні калектыўнага імунітэту і аб тым, якім чынам гарантуецца бяспека вакцыны.

“Вакцынацыя ўжо даўно ўяўляе самую эфектыўную і самую бяспечную прэвентыўную медыцынскую меру супраць інфекцыйных захворванняў, - гаворыцца ў адказах на пытанні. - Новыя вакцыны супраць каронавіруса SARSCoV-2, заснаваныя на самых інавацыйных тэхналогіях, – гэта вынік беспрэцэдэнтных у гісторыі чалавека даследаванняў. Менш чым за два гады былі ідэнтыфікаваны, правераны і выкарыстаны вакцыны, якія дазваляюць кантраляваць адну з самых жудасных пандэмій за апошнія стагоддзі”.
 

30 снежня 2021, 11:33