Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскуп Фарэл: экуменізм – гэта паслухмянасць волі Хрыста

Тэма сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян заахвочвае ўсе нашы супольнасці вярнуцца да вытокаў, да Хрыста, адзінай крыніцы іх жыцця, - падкрэсліў біскуп Браян Фарэл.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сакратар Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству нагадаў, што Тыдзень малітваў, у той ці іншай форме, праводзіцца ўжо на працягу больш чым 100 гадоў. Цягам апошняга паўстагоддзя ён адбываецца ў супрацоўніцтве паміж Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Экуменічнай Радай Цэркваў, якія, кожны год, па чарзе выбіраюць экуменічную групу ці групу хрысціян пэўнай краіны або рэгіёна, якой даручаюць падрыхтоўку матэрыялаў Тыдня.

У 2020 годзе было прынята рашэнне даверыць гэта адказнае заданне Радзе Цэркваў Блізкага Усходу, пры чым улічваліся цяжкія чалавечыя пакуты, войны, беднасць, непавага да правоў чалавека ў гэтым рэгіёне, а таксама вялікая разнастайнасць хрысціянскіх супольнасцей, прысутных тут. “У гэтым месцы існуе натуральны экуменізм, якім жывуць у штодзённасці, у грамадстве, і вельмі часта таксама ў сем’ях”, - заўважыў біскуп Фарэл, выказваючы перакананасць у тым, што Блізкі Усход мае пасланне для свету і хрысціян. 

Тэмай сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян сталі словы мудрацоў з Евангелля св. Мацвея: “Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму” (2, 2). На думку іерарха, гэта гісторыя нагадвае пра мясціны, у якіх нарадзіўся Езус, а таксама пра тое, што “пошук еднасці паміж хрысціянам прынясе плён толькі тады, калі Хрыстус будзе знаходзіцца ў цэнтры, калі будзе крытэрыем, крыніцай нашых намаганняў”.

“Гаворка ідзе пра аднаўленне адзінства паміж паслядоўнікамі Езуса, аб чым Ён маліўся вечарам напярэдадні сваёй мукі. Экуменізм – гэта паслухмянасць волі Хрыста”, - зазначыў біскуп Фарэл, нагадваючы словы Францішка пра тое, што “падарожжа мудрацоў у Бэтлеем кажа пра пакліканне ісці за Езусам, які з’яўляецца пуцяводнай зоркай, што асвятляе нябёсы жыцця і шлях да сапраўднай радасці”. “Такім чынам экуменізм, пошук еднасці хрысціян, развіваецца выключна тады, калі мы ўсе з’яўляемся вернымі Пану: гэта, на маю думку, фундаментальны пункт”, - дадаў ён.

Біскуп заўважыў, што разнастайнасць хрысціянскіх абрадаў і традыцый з’яўляецца надзвычайным багаццем і ласкай, якая паходзіць “ад Божага Провіду, што ад самага пачатку вёў Цэрквы паміж рознымі народамі і культурамі”. Такім чынам экуменізм не азначае імкненне да ўніфікацыі, а “да сумеснага ўдзелу ў гісторыі збаўлення”. “Экуменічны рух існуе, бо гэта яшчэ не было рэалізавана” па прычыне падзелаў, - дадаў Сактарар Папскай рады.

Іерарх заўважыў, што сёлетнія матэрыялы на Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, заклікаюць, у першую чаргу, вярнуцца да вытокаў, вярнуцца да Хрыста: “не зводзіць Касцёл да ўзроўню яшчэ адной чалавечай арганізацыі, палітычнай ці культурнай сілы, але чыніць з сустрэчы з Таямніцай, аб’яўленай у бэтлеемскіх яслях, з гісторыі мудрацоў, цэнтр жыцця і намаганняў Цэркваў”. “Мы молімся аб еднасці хрысціян, але гаворка не ідзе пра адзінства мэт, стратэгій ці палітыкі, а пра адзінства, у якім Евангелле становіцца правілам нашага жыцця і абавязкам чыніць з вучэння Езуса, асабліва адносна любові да Бога і бліжняга, сапраўдны шлях нашага жыцця. На маю думку, гэта галоўны заклік, змешчаны ў сёлетніх матэрыялах”, - сказаў іерарх.

18 студзеня 2022, 12:39